ХОЧАЦЦА МАЎЧАЦЬ І ДУМАЦЬ

альбо як бы нам не “пракапялюшыць” …

Агляд радыё

Сёньня ў сваім аглядзе крытыкаваць ня буду, а буду раздаваць віншаваньні. Першае віншаваньне – Міхасю Скоблу. Апошняя яго “Вольная студыя” на Радыё Свабода мяне ўразіла. Аўтар перадачы й ягоны герой, спадар Хурсік, насьмеліліся зачапіць надта важную тэму, якая да нядаўняга часу была абсалютна забароненай: карныя акцыі савецкіх партызан супраць мірнага беларускага насельніцтва. Сапраўды, пра Хатынь мы ўсе добра ведалі, цяпер будзем ведаць пра вёску Дражына. Былі галасы сьведкаў, цытаваліся дакумэнты – гучала вельмі пераканаўча. Пасьля такой перадачы хочацца выключыць радыё і дога маўчаць і думаць, а колькі яшчэ такой праўды адкрыецца нам, колькі яшчэ такіх вёсак…

Другое віншаваньне – рэпартажу, які прагучаў у “Ранішняй Свабодзе” 20 лістапада – пра тое, як праганялі варон прэч ад прэзыдэнцкага палаца. А то яны, бач, усчыняюць гарладрай і перашкаджаюць камусьці думаць пра Беларусь. А яшчэ – пра тое, як зразалі кветкі з каштанаў вакол прэзыдэнтуры, каб увосені каштаны ня падалі на зямлю – барані бог, каму на галаву зваляцца – тэракт! Гэткі матэрыял больш красамоўна сьведчыць пра тое, што робіцца ў Беларусі, чым рэпартажы пра разгон мітынгаў. Асабліва спадабаўся гучны голас варонаў у абарону сваёй свабоды.

Трэцяе “віншаваньне” – Эўрапейскаму Радыё. Вядоўцы Гальляш Валынец і Міла Котка ўжо некалькі разоў са смакам ужылі слова “пракапялюшылі”. Любы жарт, як вядома, пры паўтарэньні надакучвае. А з такім стаўленьнем да беларускай мовы можна “пракапялюшыць” і права называцца беларускім радыё.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.