ГОРКІ – ГУЧЫЦЬ НЯРАДАСНА
альбо ПІСЬМЕНЬНІКІ І “ПРАДСТАЎНІКІ”
Агляд TV
Калі ствараўся тэлеканал “Лад”, меркавалася, што ён стане свайго роду заменай расейскаму каналу “Культура”. Але ж цяпер на гэтым канале аддаецца перавага спартовым перадачам, а таксама бразыльскім і расейскім сэрыялам, якія маюць толькі ўскоснае дачыненьне да культуры. Аднак, “Лад” доўгі час заставаўся адзіным дзяржаўным тэлеканалам у Беларусі, дзе навіны йшлі па-беларуску. Цяпер, пасьля чарговага рэфармаваньня, навіны з гэтага каналу зьніклі ўвогуле.
Сытуацыя амаль як у старым савецкім анэкдоце. Глядач уключае тэлевізар і бачыць Брэжнева. Пераключае на другі канал – і там Брэжнеў. Пераключае на трэці, а там Андропаў ківае пальцам: “Я табе папераключаю”!
Таму зьяўленьне на “Ладзе” новай перадачы “Слова пісьменьніка” пакінула хоць прывідную надзею, што беларуская мова ў беларускім тэлеэтэры яшчэ канчаткова не памерла.
Рэклямная газэтка “Ва-банк”, прэзэнтуючы новую перадачу, адзначыла, што яе аўтары будуць імкнуцца даваць шырокую карціну “жизни литературы и ее представителей”. Такі анонс, насамрэч, лепей падыйшоў бы да перадачы “У сьвеце жывёлаў”. Але пакінем яго на сумленьні газэты “Ва-банк”.
У перадачу “Слова пісьменьніка” былі запрошаныя некалькі літаратараў з Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. А на мінулым тыдні яе госьцяй стала вядомая паэтка Раіса Баравікова (яе асобу і творчасьць згадваў у мінулым нумары “Свабоды” ў сваім палемічным эсэ Алег Аблажэй – рэд.). Размова вялася, у асноўным, сапраўды вакол паэзіі і творчасьці маладых паэтаў. Але пад заслону вядучы – нехта Варахобін, задаў паэтцы пытаньне: помнік якому з сучасных палітыкаў (!) яна хацела б бачыць? Баравікова далікатна абышла пытаньне. Яна сказала, што хацела б бачыць у Менску помнік Уладзімеру Караткевічу. А калі вядучы нагадаў, што помнік яму ўжо ёсьць, зьдзівілася – а чаму б не паставіць яшчэ адзін, у сталіцы? А вось помнік Максіму Горкаму ў аднайменным парку ёй не падабаецца, бо псэўданім пралетарскага пісьменьніка гучыць… неяк нярадасна.
Трэба аддаць належнае аўтарам перадачы – яны згадалі 75-годзьдзе паэта Анатоля Вярцінскага, якога грамадзкасьць віншавала на мінулым тыдні. Але запрасіць яго ў студыю “Лада” чамусьці не здагадаліся, ці не захацелі. Мабыць, таму, што належыць Вярцінскі да Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які ўлада лічыць апазыцыйным.
Напэўна, стваральнікам “Слова…” давялося ісьці шляхам выдаўцоў календара “Родны край” на 2007 год, які быў нядаўна выдадзены на беларускай мове накладам 7 000 асобнікаў. У ім пазначаныя дні нараджэньня многіх літаратараў, якіх ужо… няма ў жывых. А таксама пазначаныя юбілеі старшыні СПБ Чаргінца і яго блізкага паплечніка, чыноўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Скобелева. Імёнаў амаль нікога зь сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – у тым ліку клясыкаў беларускай паэзіі Барадуліна, Бураўкіна, Гілевіча – у календары вы ня знойдзеце.
Так што ў новым годзе мы напэўна ўбачым на канале “Лад” новых дзеячоў літаратуры. Прынамсі, асобных прадстаўнікоў…