Абрамовіч прыедзе ў Таўрогі
Беларусь і суседзі
Літоўскі горад Таўрогі рыхтуецца да візыту расейскага міліярдэра Рамана Абрамовіча. Беларускія краязнаўцы шукаюць ягоныя карані ў сваіх мясцовасьцях, але менавіта ў Таўрогах перад другой сусьветнай вайной жылі дзяды й бацькі найбагацейшага чалавека Расеі й Вялікабрытаніі.
Акурат налета Таўрогі, у якіх жыве 53 тысячы чалавек, адзначаць свае 500-я ўгодкі. На юбілей прыедуць першыя асобы дзяржавы. Для рэклямы гораду мяркуецца выкарыстаць і сваяцкія сувязі Рамана Абрамовіча. Вуліца, на якой жыла сям’я Абрамовічаў, сёлета была ў хуткім тэмпе адрамантаваная. Аднак віцэмэр гораду Арунас Гендролюс абвяргае чуткі, што сюды ўжо прыяжджалі прадстаўнікі міліярдэра: “Гэта была каманда расейскага тэлебачаньня, якая рыхтавала вялікі рэпартаж пра мясьціны паходжаньня Абрамовіча. Напэўна, іх і прынялі за прадстаўнікоў алігарха”.
Тым ня менш, мэр Таўрогаў Пранас Пятрошус заявіў, што запрашэньне Абрамовічу адпраўлена і ад яго атрыманы станоўчы адказ.
Перад вайной у Таўрогах жыла вялікая габрэйская супольнасьць. “Заможная сям’я Абрамовічаў жыла ў доме на Рэспубліканскай вуліцы, 2 да 14 чэрвеня 1941 году, калі была вывезена ў ссылку ўглыб Расеі”, — кажа віцэмэр Гедролюс. Там, у Сібіры, у 1966 годзе і нарадзіўся Раман.
Пра канкрэтныя прапановы мэрыі Таўрогаў да міліярдэра кіраўнікі гораду казаць ухіляюцца. Маўляў, мы яшчэ ня ведаем, ці ён увогуле цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і і зямлёй продкаў. Невядома таксама, ці ён чалавек сэнтымэнтальны і ці зацікаўлены інвэставаць у Таўрогі. “Але мы адкрытыя для супрацоўніцтва – кажа Гедролюс, — Тым больш, што ён ужо прыносіць славу Таўрогам у сьвеце”. Віцэмэр паведаміў, што дзядзька Абрамовіча, які жыве ў Расеі, Ізмаіл Абрамовіч, ужо атрымаў кампэнсацыю за 10 гектараў зямлі сваіх продкаў.
Сьвяткаваньне юбілею ў Таўрогах адбудзецца 22-24 чэрвеня 2007 году.