Ці магчымае паразуменьне ўлады й яе апанэнтаў на глебе дзяржаўніцкай пазыцыі?
Пытаньне тыдня
Аляксандар Мілінкевіч, лідэр аб’яднанай апазыцыі:
“Я ГЭТАЙ УЛАДЗЕ НЯ ВЕРУ”
Я лічу, калі мова ідзе пра захаваньне сувэрэнітэту, то могуць быць аднолькавыя погляды і сынхронныя дзеяньні. Але я гэтай уладзе ня веру. Бо ў яе няма такіх каштоўнасьцяў, як незалежнасьць. Няма патрыятызму сапраўднага. Ёсьць толькі вялікая патрэба ў неабмежаванай уладзе. Таму я ня бачу магчымасьцяў для нейкага паразуменьня.
Натальля, хатняя гаспадыня:
“ДАПУСКАЮ, ШТО НЕКАМУ З БНФ ДАДУЦЬ ВЫСТУПІЦЬ НА БТ”
Калі іхныя інтарэсы хоць у нечым перакрыжуюцца, то адразу знойдзецца і паразуменьне. Наўрад ці гэта будзе беларусізацыя ці нешта падобнае. Але рэакцыя на спробы ўвесьці адзіную расейскую валюту будзе аднолькавай – як з боку Лукашэнкі, так і з боку апазыцыі. Дапускаю, што тады некаму з БНФ дадуць выступіць на БТ.
Вінцук Вячорка, старшыня БНФ:
“ПРЫЯРЫТЭТАМ УЛАДЫ ЁСЬЦЬ УРАТАВАНЬНЕ СЯБЕ САМОЙ”
Такое паразуменьне немагчымае. Бо шанцы для яго былі ў сувязі з абвастрэньнем пагрозы для беларускай дзяржаўнасьці, нашай эканамічнай незалежнасьці. Але ўлада рэагуе на гэтую небясьпеку з рэакцыяй, абсалютна адваротнай здароваму сэнсу. Яна толькі абвастрае рэпрэсіі супраць незалежніцкіх сілаў. Гэта азначае, што прыярытэтам для ўлады ёсьць не ўмацаваньне і ўратаваньне беларускай дзяржаўнасьці, а ўратаваньне сябе самой. Што б там ні казалі некаторыя адвакаты цяперашняй улады, на жаль, гэта так ёсьць.
Уладзімер Нісьцюк, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”:
“ТРЭБА ПЕРАСТУПІЦЬ ПРАЗЬ СЯБЕ”
Зараз і ўлада, і ўсе дэмакратычныя сілы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь заставалася Беларусьсю. Розныя матывы, розныя падыходы, але мэта адна. І мне бачыцца, што калі створыцца такая сытуацыя, калі трэба будзе актывізаваць барацьбу за наш сувэрэнітэт, то на гэтай глебе можна знайсьці паразуменьне паміж уладай і тымі, хто на сёньня зьяўляецца вельмі жорсткім яе апанэнтам. Таму што калі гарыць хата, трэба пажар тушыць, а не працягваць спрачацца паміж сабой. Шмат чаго ўлада зрабіла дрэннага для апазыцыі, але шмат чаго і апазыцыя дрэннага зрабіла для ўлады. Шмат гадоў Лукашэнка знаходзіцца пад моцным агнём ня проста крытыкі, а калі-нікалі зьдзекаў з боку апазыцыянэраў. Таму трэба зараз пераступіць празь сябе. І тады знойдзецца паразуменьне.
Валеры, мэдык:
“ПРА ШТО МОЖА БЫЦЬ ГАВОРКА?”
Пра што можна гаварыць пасьля забойства Ганчара й Захаранкі? Пра якія дараваньні і прыязнасьць можа быць гаворка? Калі нехта з апазыцыйных дзеячоў перакрочыць праз трупы, дык што тады можна будзе сказаць пра іх?
Алег Трусаў, старшыня Таварыства Беларускай Мовы:
“КАЛІ СМАЖАНЫ ПЕВЕНЬ КЛЮНЕ”
Канечне, паразуменьне магчымае. Вялікіх крыўдаў не было. Да грамадзянскай вайны, дзякуй Богу, мы не дажылі. А гісторыя ведае паразуменьні пасля грамадзянскай вайны, як, напрыклад, у Гішпаніі ці Фінляндыі. А ў нас што? Ну, зьнікла пара чалавек… Я проста як гісторык гляджу. Я ведаю, што ва ўлады пляны паразуменьня напісаныя даўно. Нават ёсьць праект паразуменьня з “канструктыўнай апазыцыяй”. Не з усёй. Калі будзе зусім кепска, дык апазыцыя падзеліцца на “нашых” і “нянашых”. І Нісьцюк, напрыклад, будзе “наш”. А Трусаў — “нянаш”. І пачнецца канструктыўная работа. Калі смажаны певень у адно месца клюне, магчыма ўсё. Тым больш, што “круглы стол” наконт чатырох прынцыпаў АБСЭ аднойчы праводзілі. Але пасьля згарнулі гэты стол. Калі газ і нафта стануць дарагімі, я не сумняюся, што ізноў будуць абмяркоўвацца чатыры прынцыпы АБСЭ. Пачакаем дзеяньняў брацкай Расеі.
Васіль, прадпрымальнік:
“НІЯКІХ ДАМОВАЎ БЫЦЬ НЯ МОЖА”
Якія б словы ні даносіліся з боку ўлады, якія б прыемныя міны там ні маляваліся часам, але калі чалавек трапіў у гэтую ўладу, то на ім стаіць пажыцьцёвае таўро. Бо інакш туды трапіць немагчыма. Там вядзецца сур’ёзная сэлекцыя па адборы кадраў. І самае адборнае г… ужо адабранае. Таму ніякіх дамоваў зь імі, лічу, быць ня можа.
Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“ПАРАЗУМЕНЬНЯ “НАОГУЛ” НЕ БЫВАЕ”
З гледзішча ўлады гэта немагчыма, бо ў гэтым няма ніякага сэнсу. Улада магла б шукаць паразуменьня з апазыцыяй, калі б апазыцыя была моцнай, калі б апазыцыя была рэальнай палітычнай сілай, якая пагражае стабільнасьці гэтай улады. Калі адзін з бакоў ня мае патрэбы ў паразуменьні з другім, то пра якое паразуменьне можна казаць? Апазыцыя ня ёсьць чымсьці маналітным. У ёй ёсьць сілы, якія гатовы паразумецца з уладай, найперш тыя, што былі выціснутыя з уладных структураў. І калі б гэтае паразуменьне дало магчымасьць вярнуцца ізноў да ўлады, то, хутчэй за ўсё, яны былі б гатовыя гэта зрабіць. Апазыцыю таксама складаюць людзі, якія не прымаюць гэтую ўладу па вызначэньні, для якіх нават спроба паразуменьня – гэта здрада ідэалам. Яны хутчэй пагодзяца з канцом сьвету. Хтосьці быў бы гатовы, толькі калі б улада прадэманстравала нейкія крокі насустрач. Але ўсё пералічанае – абсалютная абстракцыя. Паразуменьня “наогул” не бывае. Паразуменьне павінна быць у чымсьці канкрэтным. А пакуль нават няма падставаў казаць, што такое паразуменьне хоць каму патрэбнае.