Рашэньні, якіх мы стараемся не заўважаць

Камэнтар

Сёньня, калі адзначаюцца сотыя ўгодкі першай беларускай газэты “Наша Ніва”, ня можа не зьдзіўляць розьніца паміж сьветапогляднай пазыцыяй нашых дэмакратаў пачатку мінулага стагодзьдзя і сёньняшніх. Уявіце сабе ў сёньняшняй апазыцыйнай газэце наступныя праграмныя радкі: “Трэба ня толькі гаварыць аб еднасьці ўсіх беларусаў, але жыцьцём сваім шырыць згоду і братнюю любоў у народзе”. Вы скажаце, што пісаць такое сёньня проста немагчыма. Зь іншага боку, хто б з сучасных дэмакратаў не паставіў пад гэтымі радкамі свой подпіс.

Адкуль такі парадокс? Беларусь – незалежная краіна, пра якую нашаніўцы не маглі й марыць, а нязгоды і непаразуменьня ў шэрагах найбольш прагрэсіўнай публікі толькі паболела. Магчыма, адказы на сёньняшняе “Пытаньне тыдня” дапамогуць нам зразумець гэты парадокс і разгадаць гэтую загадку.

А.Мілінкевіч кажа: я ня веру гэтай уладзе. Рацыя, калі ўся ўлада ў руках аднаго чалавека, які парушыў усе магчымыя законы й нормы, які папросту не гаворыць праўды, а толькі бясконца “пудрыць мазгі”, — такому няма веры. Але, разам з тым, улада – гэта дзясяткі тысяч людзей, і ад нас таксама залежыць, якой мы яе бачым – ці ўладай аднаго чалавека, ці гэтымі самымі дзясяткамі тысяч. Участковы міліцыянт або кабета ў раённай землямернай канторы – гэта таксама ўлада. Ці ёсьць у нас падставы ўсім ім – ня верыць?

Лукашэнка – гэта ня столькі віна, колькі бяда і для народу, і для апазыцыі, і для ўлады таксама. Церпіць, як заўсёды, народ. А апазыцыя люстэркава паўтарае ўсе целазрухі ўлады, якая таксама церпіць. Бо маса кіраўнікоў на месцах – з “філязофскай кампанэнтай” у мазгах – разумее ўсю недарэчнасьць кантэксту, у якім даводзіцца кіраваць.

Тысячы беларусаў ажыцьцяўляюць функцыі ўлады і кормяць свае сем’і. Зьмяніце рэжым – яны застануцца на месцах, бо, па-першае, ведаюць, што і як, па-другое, іншых няма. І ёсьць электарат, які ня ведае простых рэчаў – напрыклад, старыя, якім плоцяць пэнсію “воўрамя”, не разумеюць, што сваімі мольбамі аб “стабільнасьці” яны адбіраюць жыцьцё ў сваіх дзяцей, альбо маладыя, якія дзячаць прэзыдэнту за тое, што клопат пра іхных бацькоў ён узваліў на свае плечы, тым самым адабраўшы гэты клопат у іх, дзяцей. Людзі пагодзяцца, што гэтак жыць, а найперш, гэтак думаць – ненармальна. Толькі хто ім пра гэта скажа?

Атаесамленьне ўлады і Лукашэнкі – гэта бяда апазыцыі, бо ў такім поглядзе на справы проста не відаць будучыні. Адчаяўшыся дачакацца якіх-кольвек перамен, нехта пайшоў у глухую абарону, нехта спадзяецца толькі на цуд, нехта вядзе “агонь на паражэньне”, а спадар Нісьцюк заклікае дэмакратаў “пераступіць празь сябе”. Але сумленны чалавек можа “пераступіць празь сябе” хіба толькі ў творчасьці, дзе пануе прынцып: “зрабі ўсё, што можаш, і трошкі больш”. Пераступіць празь сябе дзеля Лукашэнкі – гэта значыць, пераступіць праз сумленьне і пачаць шкадаваць дыктатара, што апынуўся “пад вельмі моцным агнём”. Каб шукаць паразуменьня з уладай, пераступаць празь сябе ня трэба. Вось толькі як перастаць атаясамліваць уладу з вобразам Лукашэнкі – вялікае пытаньне. Але вырашаць яго прыйдзецца рана ці позна, бо ўлада патрэбная пры любым рэжыме. І з уладай рана ці позна трэба пачынаць працаваць.

Прынцып тут адзін, і яго ведаюць усе: дзеля паразуменьня нехта павінен зрабіць крок першым. А менавіта – адкрыцца. Сёньня сваёй закрытасьцю апазыцыя люстэркава паўтарае закрытасьць рэжыму. І на мінулых выбарах прэзыдэнта гэтая закрытасьць стала галоўнай перашкодай у працы альтэрнатыўнага кандыдата – закрытая каманда, закрытыя пляны дзейнасьці, закрытыя рашэньні… Гермэтычная кампанія, якая адгарадзілася ад тысяч і тысяч “баяздольных” грамадзян і суполак, што прагнулі ўдзельнічаць у працэсе, але не маглі. Каманда Мілінкевіча сваім гермэтызмам паўтарала гермэтызм каманды Лукашэнкі, проста ня здолела перамагчы гэтае навязанае ёй кімсьці гульні.

Але вось спадар Мілінкевіч прыяжджае ў сваю вёску Бершты, дзе ён займаецца краязнаўствам, арганізацыяй вясковага турызму, этнаграфічнымі зборамі – і ўсё зьмяняецца. Мілінкевіч абсалютна нармальна і дзясяткі разоў кантактуе з уладай – у справе зямлі, уласнасьці, аховы, транспарту – лес падвезьці, – мноства самых розных рэчаў. Дапускаю, што кантактуе ў поўным паразуменьні. Лукашэнкам тут ані тхне. Ня важна, што гаворка ідзе пра “маленькія ўлады” – з малога ўсё пачынаецца. Што ж адбылося? Мілінкевіч адкрыўся са сваімі клопатамі і ўзьнікла паразуменьне. Ня важна таксама, што гэта не палітычнае паразуменьне. Палітыка знаходзіцца на самай вяршыні і цалкам залежыць ад асновы – ад нашых адносінаў і паразуменьня ў рэальным “бытавым” жыцьці.

Як стварыць адкрытую апазыцыю, якая перастане быць адлюстраваньнем улады? Якая агонь на паражэньне ўлады і заклікі да народу – галадаваць – зьменіць на канструктыўную і любасную гутарку з гэтым самым народам, прапануе яму схемы выжываньня, зарабляньня, дабрабыту? Як дастукацца да чынавенства, якому, па вялікім рахунку, усё адно, каму служыць у сваіх сабесах. Як загаварыць з народам на ягонай мове душы? (Пэўне ж, гэта будзе не расейская мова). Можа быць, адказ на гэтыя пытаньні – з “Нашай Нівы” – мы  ведаем ужо сто гадоў?

Алесь Кебік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.