ЯНКА КУПАЛА Ў МАСКВЕ

Адкрыцьцё помніка паэту адкладваецца

10 лістапада ў Маскве, падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі, павінна была адбыцца афіцыйная цырымонія адкрыцьця помніка вялікаму беларускаму паэту. Аб гэтым не аднойчы паведамлялі інфармацыйныя агенцтвы Беларусі й Расеі. Ва ўрачыстасьці меліся ўзяць удзел прэзыдэнт Лукашэнка, мэр Масквы Лужкоў, іншыя высокія асобы. Аўтараў помніка Купалу – беларускіх скульптараў бацьку і сына Льва і Сяргея Гумілеўскіх – запрасіць на цырымонію чамусьці забыліся. (Леў Гумілеўскі вядомы, у прыватнасьці, як аўтар помніка Багдановічу ў Менску).

Аднак ужо ў самы пярэдадзень перамоваў Лукашэнкі з Пуціным,  9 лістапада, стала вядома, што ўрачыстая цырымонія адкладваецца. Відаць, нехта (Лукашэнка ці Пуцін – невядома) палічыў яе неадпаведнай палітычнаму моманту.

Між тым, адкрыцьцё помніка пераносіцца не ўпершыню. Ідэя яго ўсталяваньня нарадзілася некалькі гадоў таму падчас Купалаўскіх чытаньняў у Маскве. Было прапанавана паставіць помнік да 120-годзьдзя Купалы, і мэр Масквы Лужкоў абяцаў быў гэта зрабіць. Ініцыятыву тады падхапілі прадстаўнікі беларускай дыяспары, сябры грамады беларускай культуры, а таксама Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Аднак, ідэя сутыкнулася з супрацівам ураду Масквы. Мэрыя некалькі разоў адхіляла праект. Асабліва не спадабалася ўладам пачатковая прапанова ўсталяваць помнік на месцы сьмерці паэта.

Купала трагічна загінуў 28 чэрвеня 1942 году ў Маскве пры загадкавых абставінах. Ніхто ў перапоўненым гатэлі “Масква”, дзе паэт разам зь іншымі літаратарамі жыў у эвакуацыі, ня быў сьведкам яго гібелі, таму вырашылі, што Купала сам упаў у пралёт лесьвіцы. У 1962 годзе Янка Купала быў перапахаваны на Вайсковых могілках у Менску, побач зь Якубам Коласам.

У нашыя дні мэрыя Масквы пастанавіла зруйнаваць будынак гатэля, паколькі ён… ня мае гістарычнай каштоўнасьці. Беларускаму міністэрству культуры, нягледзячы на просьбы, не ўдалося атрымаць нават дзьверы нумара, у якім жыў Купала. (Узамен выдалі дзьверы ад нейкага іншага пакоя.)

Пазьней ідэю ўсталяваньня помніка ў Маскве прысабечыла ўлада. На сайце прэзыдэнта РБ гаворыцца, што з ініцыятывай падараваць помнік гораду Маскве выступіў кіраўнік дзяржавы. Там можна прачытаць, што “установка памятника великому песняру станет еще одним ярким символом братской дружбы народов Беларуси и России». Відаць, ідэя нарадзілася пасьля таго, як Лужкоў падараваў Менску помнік Пушкіну.

Грошы – прыкладна 3 мільёны 720 тысяч рублёў – былі выдаткаваныя з так званага саюзнага бюджэту Беларусі і Расеі на парытэтных пачатках.

Помнік Купалу ў Маскве плянавалася ўрачыста адкрыць у верасьні 2004 году, на дзень гораду. Потым дату перанесьлі на верасень 2005-га, потым на красавік 2006-га (у гонар 10-годзьдзя ўтварэньня Садружнасьці Беларусі і Расеі). Нарэшце сёлета ў верасьні чатырохмэтровы бронзавы манумэнт заняў сваё месца на Кутузаўскім праспэкце. Але адкрыцьця зноў не адбылося. У прэсе называлася новая дата – 28 лістапада. Але ў гэты дзень, як вядома, Лукашэнка будзе на саміце СНД у Менску. Зноў нейкая няўвязка?

Варта нагадаць, што ў Менску, акрамя помніка Пушкіну, ёсьць яшчэ помнік Горкаму ў аднайменным парку. У Маскве, як і ў астатняй Расеі, дагэтуль не было ніводнага помніка ніводнаму зь беларускіх пісьменьнікаў або дзеячоў культуры.

У 1970 годзе, дзякуючы намаганьням беларускай дыяспары ў ЗША, бюст Купалы быў пастаўлены ў Араў-парку, у гарадку Манро блізу Нью-Ёрка. Ён стаіць побач зь бюстамі Тараса Шаўчэнкі, Аляксандра Пушкіна і клясыкаў амэрыканскай літаратуры.

Зразумела, імя Купалы, аўтара несьмяротнага верша “А хто там ідзе?” назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускай і сусьветнай культуры, незалежна ад колькасьці пастаўленых яму помнікаў. А гісторыя зь бясконцымі пераносамі адкрыцьця манумэнту ў Маскве застанецца на сумленьні палітыкаў, якія жывуць адным днём.

А. Уласаў

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.