АДКЛАДЗЕНАЯ ПАРТЫЯ

Беларусь – Расея

Тое, што адразу пасьля вяртаньня з Масквы Аляксандар Лукашэнка склікаў нараду па праблемах забесьпячэньня краіны энэрганосьбітамі, лепш за любыя заявы сьведчыць пра вынікі візыту.

І хаця кіраўнік Беларусі спрабаваў супакоіць грамадзтва шматслоўнай прамовай пра тое, як ён знайшоў паразуменьне з Уладзімерам Пуціным, выглядае, што трэба рыхтавацца да непрыемных сюрпрызаў.

Крэмаль паступова цісьне на болевыя кропкі Лукашэнкі зь ягоным “эканамічным цудам”. Найперш Расея зьбіраецца істотна падвысіць кошты на нафту і газ. Зусім нядаўна Лукашэнка гучна пагражаў “разрывам адносінаў”, калі гэта адбудзецца. Цяпер ён енчыць пра “роўныя ўмовы для прадпрыемстваў” дзьвюх краін.

Але ж відавочна, што пры гэтым кіраўнік Беларусі паціху пачаў дыстанцыявацца ад непрыемнага пытаньня. Маўляў, кошт на газ будзе такі, пра які дамовяцца “суб’екты гаспадараньня”. Пры тым адначасова ўжываюцца два супярэчлівыя тэзысы: цана мусіць быць такой, як у Расеі; цана ня можа быць большай, чым для Ўкраіны й Арменіі. Падобна, што першы варыянт ужо не разглядае ўсур’ёз і сам Лукашэнка. Таму, здаўшы першую лінію абароны, ён перайшоў на другую: цяпер гутарка вядзецца пра “армянскі варыянт” – 110 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Гэта ўжо ў два з паловай разы больш, чым сёньня. Аднак нагадаю, што “Газпром” патрабуе ажно 200 даляраў.

Ізноў жа, зусім нядаўна Лукашэнка сьцьвярджаў, што Беларусь купляе расейскую нафту па коштах, вышэйшых за сусьветныя. Гэтым разам ён засьведчыў адваротнае. Паводле Лукашэнкі, Беларусь добра зарабляе на расейскім “чорным паліве” і зьбіраецца гэта рабіць далей. Таму кіраўнік Беларусі патрабуе, каб у Мазыр і Наваполацак нафта пастаўлялася па тых самых коштах, што і на расейскія заводы.

Аднак нават калі фармальна цана будзе роўная, пытаньні застануцца. Бо Расея пагражае, што калі Беларусь ня будзе аддаваць ёй ільвіную долю экспартнага мыта на нафтапрадукты, аб’ём паставак сыравіны ў нашу краіну будзе абмежаваны ейнымі ўнутранымі патрэбамі. У гэтым выпадку пра нафтавыя дывідэнды, якія сёньня дазваляюць менскаму кіраўніцтву пачувацца нядрэнна, можна забыцца – на продажы бэнзыну айчынным аўтааматарам шмат не заробіш.

Але гэта яшчэ ня ўсе непрыемнасьці. Значная частка прадукцыі нашых прадпрыемстваў рэалізуецца менавіта ў Расеі. А тамтэйшы рынак паступова ўводзіць абмежаваньні на беларускія тавары. Расейскія вытворцы цукру ўжо даўно дамагаюцца мыта на прадукцыю канкурэнтаў з “братэрскай” дзяржавы. А міністэрства па эканамічным разьвіцьці і гандлі Расейскай Фэдэрацыі наогул рэкамэндавала рэгіёнам спыніць закупкі беларускіх тавараў за сродкі дзяржбюджэту.

Адпаведныя тэмы ўздымаліся й на сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным. І хаця кіраўнік РБ аптымістычна заявіў, што, прыкладам, пытаньне цукру мусіць быць вырашанае да канца тыдня, відавочна, што гэтага не адбудзецца, і праблемы збыту айчынным вытворцам давядзецца вырашаць у складаных умовах.

Такім чынам, Расея цісьне на Беларусь адразу па шэрагу кірункаў. Спробы пазбавіць Лукашэнку некаторых выгодаў здараліся й раней, але Крамлю не хапала пасьлядоўнасьці. Таму фінал кожны раз быў аднолькавы: Лукашэнка усчыняў гвалт пра ворагаў, якія руйнуюць саюз славянскіх дзяржаваў, і Масква ўрэшце вырашала, што таньней адкупіца ад свайго няўрымсьлівага хаўрусьніка, чым змагацца зь ім.

Але гэтым разам антыбеларуская кампанія доўжыцца ўжо амаль паўгода. Лукашэнку паступова пазбаўляюць прывілеяў, дзякуючы якім ён адносна спакойна існаваў большую частку свайго кіраваньня. Звыклыя спробы кіраўніка Беларусі дамагчыся свайго з дапамогай скандалу, посьпеху ня мелі. Масква не ўступае ў адкрытую дыскусію зь Менскам,  але спакваля працягвае біць па “болевых кропках” беларускай эканомікі.

І высьвятляецца, што пэўнага адказу на такую тактыку Лукашэнка вынайсьці ня ў стане. Таму ён спрабуе цягнуць час, спадзеючыся, што неўзабаве расейскае кіраўніцтва вымушанае будзе сканцэнтравацца на іншых праблемах кшталту абраньня пераемніка Пуціна. Да таго ж, Расея пакуль больш палохае, чым дзейнічае. І канфлікт з Лукашэнкам ёй надта нявыгадны, бо Крэмль сёньня ня бачыць больш прымальнай для сябе пэрсоны на пасадзе кіраўніка Беларусі.

Таму гандаль будзе працягвацца. У Маскве ніводны з бакоў ня здолеў навязаць іншаму сваю волю. Партыя чарговы раз адкладзеная. Наступны раўнд прымеркаваны да 28 лістапада, калі Лукашэнка й Пуцін мусяць сустрэцца ўжо ў Менску, на саміце СНД.

Віктар Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.