СЫНДРОМ ГАМСУНА
Фэльетон
Крыўдна, калі паэта забіваюць на дуэлі.
Балюча, калі ён недарэчна гіне ў самым росквіце – ад хваробы, у катастрофе ці ад гарэлкі.
Ды не лягчэй, калі ён сам – сваімі ўчынкамі – губіць створанае. Застаючыся жывым як “фізычная асоба”.
Паэзія – як грашовыя знакі. Траціцца залатое забесьпячэньне – і яны становяцца проста задрукаванай паперай. Так і зь вершамі: калі аўтару ня хочацца падаваць руку, ня цягне й чытаць напісанае рукой ягонай.
Тэксты, скажаце, каштоўныя самі па сабе, праз сваю ўласную вартасьць. Так, ды не зусім.
Вось, скажам, кнігі нарвэжца Кнута Гамсуна назаўсёды застануцца ў літаратуры. Хоць аўтар пад канец жыцьця запляміў сябе калябарацыяй з гітлераўцамі. І быў за гэта выкляты сваімі чытачамі, якія кідалі яму праз плот ягоныя кнігі.
(Так у нас мастак і паэт Рыгор Сітніца вярнуў Таісе Бондар падпісаную яму аўтаркай кнігу, калі яна заняла “вернападданскую” пазыцыю.)
Гамсун, прынамсі, зганьбаваў сябе ў старэчым узросьце. Маразм – не каньяк, з гадамі толькі горшае.
А колькі было такіх, што сьвядома, з маладых гадоў ставілі свае таленты на службу рэжыму? Ад Маякоўскага да Аляксея Талстога і Валянціна Катаева.
Паэт Барыс Чычыбабін, які ўсё жыцьцё адпрацаваў сьціплым бухгалтарам у трамвайным дэпо, каб ня гвалціць свой талент, напісаў верш пра здраду, дзе “Катаев” рыфмаваўся зь “негодяев”.
А Веніямін Каверын назваў Катаева “полюсом безнравственности”.
Тым ня менш, усе тры вышэйпамянёныя будуць чытацца заўсёды, а паэт Чычыбабін, пры ўсёй павазе да яго як чалавека, так і застаўся малавядомым…
Праблема “генія і зладзейства” – вечная.
Але ў Беларусі яна мае сваю спэцыфіку.
Мы злоўжываем паняцьцямі – “фашызм”, “дыктатура”, маўляў, вярнуліся ў 1937 год…
Як бы сумна ўсьміхнуліся Янка Купала, Кузьма Чорны ці Ўладзімер Дубоўка, слухаючы гэтыя ляманты.
Любая літаратура – даступная. Для тых, хто хоча. Радыёгаласы – ня глушаць. Выехаць куды хочаш – і вярнуцца, – складана, але магчыма. (Апроч ЗША – і тое не таму, што не выпускаюць, а – не ўпускаюць.)
Калі Купала й Колас, сьціснуўшы зубы, пісалі хваласьпевы Сталіну, ім пагражала рэальная, — і пакутніцкая, сьмерць. Або ГУЛАГ. І ня толькі ім, а і іхным родным.
Нашым “рыцарам пяра” пагражаў не расстрэл у Курапатах, нават ня “хімія” ці 15-суткавы “адпачынак” у “гатэлі” на Акрэсьціна, — а толькі страта пасадаў у рэдакцыях і выдавецтвах.
Адна з галоўных рысаў цяперашняга рэжыму – усё ж ня жорсткасьць (хоць хто ж яе аспрэчвае), а – тое, што акрэсьліваецца неперакладным словам “пошлость”. (Здаецца, Набокаў – расейскі празаік, які ствараў на эміграцыі па-ангельску – так і пісаў: poshlost.)
Служыць такому рэжыму і захаваць свой талент – немагчыма.
Сяброўкі абсталёўваюць кватэры,
я п’ю ў лясах на досьвітку расу
і незалежна, з выглядам гетэры,
чыёсьці сэрца ў кошыку нясу.
Такія вершы маглі б чытаць рамантычныя дзяўчаты пры сьвятле ліхтарыка ледзяной ноччу ў стылым намёце на плошчы Каліноўскага.
Ды – не чыталі. Напэўна.
Бо напісала іх у часы сваёй маладосьці цётка, якая цяпер заадно з касталомамі, што неўзабаве будуць біць гэтых дзяўчат дубінкамі.
Усіх астатніх, хто няшчыльнымі радамі, – хто навыперадкі, хто з-пад палкі, — падаўся да карыта “новага” СП, я разумею. Яны толькі гэтага карыта й вартыя.
Але – Раіса Баравікова, паэзія якой піла ня з цэбра, а – зь нябеснага келіха?..
На якога чытача яна цяпер разьлічвае?
Хто адгукнецца на яе словы –
Прыйдзі, прыйдзі…
Я вольная ад спраў.
Сьпявае ноч, і больш такой ня будзе.
Сьляды твае прыкрыюць пікі траў…
Адміністрацыя прэзыдэнта? Голдынг? Амон?
“О як бы кармілі грудзі такія” – уздыхаў Максім Танк у сваім “Ave Maria”.
О, як жа патрэбна была б такая сьветлая лірыка цяпер, калі ўсё менш паэзіі і ўсё больш вершападобных тэкстаў.
Што ж, той жа Максім Танк адным зь першых пайшоў верай і праўдай служыць тым, хто душыў аснову асноў ягонай паэзіі – беларускую мову.
Бяда народу, у якога й паэты – прадажныя.
Нічога новага пад сонцам. Так і творыцца гісторыя, – не на старонках кніг, не ў тэлевізары і не на сцэне, – у жыцьці. І дзейныя асобы – мы самі.
Проста цяпер трыццаць срэбнікаў выплочваюць праз банкамат.
November 20, 2006 у 19:31
“Не знаю больших негодяев,
Чем Алексей Толстой и Валентин Катаев…”
А чаму ты творчасьць Чычыбабіна ставiш нiжэй за творчасьць гэтых прастытутак? Хаця… густы розныя бываюць.
А падонкi сустракаюцца i сярод тых, хто супраць Лукi
Petras Grigas
November 20, 2006 у 19:34
Блiн, што за “назва”?
Што за лох перакладаў на мову?
Не “назва”, а “iмя” цi “нiк”