Пра галадоўкі і кісель, які ня вып’еш
Агляд радыё
Штодня на ўсіх радыёстанцыях ідуць справаздачы пра галадоўкі. І калі яшчэ галадоўка вернікаў царвы “Новае жыцьцё” неяк зразумелая (сапраўды, ціхамірны хрысьціянскі пакорлівы пратэст), дык галадоўкі палітыкаў і прафсаюзных дзеячоў выклікаюць і зьдзіўленьне і абурэньне. Няўжо ня можна прыдумаць іншых спосабаў дзеяньня? Вось, напрыклад, славутая “Наша Ніва”, 100 гадоў якой мы цяпер адзначаем, у кожным нумары друкавала ўзоры пазытыўнай стваральнай дзейнасьці: там і там сяляне арганізаваліся і купілі новы магутны плуг; там і там арганізаваліся і выбралі свайго дэпутата… А ў нас ні палітычныя партыі, ні СМІ амаль не прапануюць стваральных спосабаў дзейнасьці для актыўнага чалавека. Даведзеным да адчаю людзям застаецца адно – галадаць.
14 лістапада на “Эўрапейскім Радыё для Беларусі” ў праграме “Эўрагрош” анансавалі расказ пра “беларускі напой”. Я ўжо ня буду пытацца, чаму ў эканамічнай праграме распавядаюць рэцэпты традыцыйнай народнай кухні, хачу пагаварыць пра сам “напой”. Гэтым напоем аказаўся беларускі аўсяны кісель. Відавочна, вядучая ні разу гэтага кісяля ані бачыла, ані каштавала. Бо беларускі аўсяны кісель – страва густая і яе ня п’юць, а ядуць лыжкамі. (Ня трэба блытаць з тым савецкім кісялём у школьнай сталоўцы.)
8 лістапада на тым самым “Эўрапейскім Радыё” былі дзьве згадкі пра дзяцей. Адзін карэспандэнт сказаў такую фразу: “Кабета вырашае, ці варта жыць ейнаму дзіцяці-калецы”. Слова “калека”, хоць і мае канчатак жаночага роду, але ў гэтай сытуацыі павінна зьмяняцца як слова ніякага роду. Таму правільна будзе: дзіцяці-калеку. У гэтай жа праграме іншы карэспандэнт гаворыць: “Два дзіцяці начавалі на вакзале”. Правільна будзе: два дзіцёнкі або двое дзяцей. Цяжка з гэтымі дзецьмі…