Ці магчымы ў Беларусі «Русский марш»?
Пытаньне тыдня
Эніра Браніцкая, маладзёвы лідэр:
“ГЭТА НЕРЭАЛЬНА”
Я лічу, што не. Таму што мы розныя, і мэнталітэт у нас розны. У нас немагчымыя канфлікты на расавай глебе. Сытуацыі, спрыяльныя для такіх канфліктаў, у Беларусі былі заўсёды, але саміх канфліктаў не было. У маладзёвым асяродзьдзі я ніколі не адчувала праяваў ксэнафобіі. Хоць кантактавала з рознымі маладымі людзьмі. Галоўная рыса нашай моладзі – абсалютная абыякавасьць. Яны могуць нешта сказаць, але арганізаваць акцыю, як у Расеі… Нерэальна. Ім утульней пачувацца, калі “ўсё роўна”, чымся “за штосьці”.
Сямён Букчын, пісьменьнік:
“Я НЕ ЗЬДЗІВІЎСЯ Б”
Я думаю, што пры пэўных захадах улады ён можа быць. Улада можа ўсё выкарыстаць. Яна сёньня валодае ўсімі мэханізмамі, выбарамі, маршамі, усімі магчымасьцямі, каб праводзіць свае акцыі. Яна можа правесьці канцэрт на плошчы для 50-ці тысяч, і сам прэзыдэнт будзе танчыць. А можа правесьці марш, калі спатрэбіцца. Усё залежыць ад палітычных намераў. А калі казаць пра грамадзкую атмасфэру, дык грамадзтва ў нас не існуе. Усе парасткі яго зьнішчаныя пасьля 1995 году. Могуць быць асобныя рэакцыі, могуць быць купкі незадаволеных людзей. Але гэта ня лічыцца. Таму што сур’ёзнага пратэсту ў гэтых умовах ня будзе. У гэтых умовах усё магчыма. І я не зьдзівіўся б «Русскому маршу» на нашых вуліцах.
Уладзімер Крукоўскі, мастак:
«СЁНЬНЯ ТАКАЯ АКЦЫЯ НЕМАГЧЫМАЯ»
А якім чынам ён можа прайсьці ў Беларусі? Я не разумею. Ён абсалютна немагчымы. Вы што? Аляксандар Рыгоравіч дазволіць тут такое? Асабліва сёньня, калі газ можа падаражаць у тры разы. Нашыя доблесныя амонаўцы ім пакажуць…Турма на Акрэсьціна будзе перапоўненая. Там марш і закончыцца. Сытуацыя мяняецца вельмі хутка, літаральна на нашых вачах. Ні сёньня, ні заўтра такая акцыя немагчымая. І чым даўжэй жывем, тым менш гэта магчыма. Забудзьцеся пра інтэграцыю, пра Саюз, пра агульную валюту і астатнія бздуры, якімі кампаставалі нам мазгі на працягу 15 гадоў. Гэта пройдзены этап. Ніякіх праяваў расейскага імпэрыялізму ў Беларусі ня можа быць. Хай толькі паспрабуюць. Але я ня думаю, што ў кагосьці хопіць мазгоў нават спрабаваць.
Аляксандар, інжынэр:
“У ГОМЕЛІ МОЖА ПРАЙСЬЦІ ТАКАЯ АКЦЫЯ”
У Гомелі можа прайсьці такая акцыя. Бо шараговы гамяльчанін жыве ўсё ж-такі не ў Беларусі. У ягонай галаве, па-ранейшаму, сталіца – Масква. Куды трэба імкнуцца па грошы і па славу. У сваім горадзе ён аточаны расейскай імпэрскай сымболікай. Князь Паскевіч, які біў «палякаў-здраднікаў». Граф Румянцаў, які з «заштатнага беларускага мястэчка» зрабіў горад са школамі і бальніцамі. І помнік Пушкіну, які тут калісьці праязджаў, і помнік Сувораву ў музэі баявой славы вельмі арганічна ўпісваюцца ў гомельскія мазгі. У галовах у многіх, акрамя таго, сядзіць уяўленьне пра расейскі стабілізацыйны фонд ў трыльён баксаў. Крута! А тут што? Камбайн «Гомсельмаш»? А Менск – гэта недзе далёка. Як і «беларускамоўныя шызікі». Пра іх кажуць: «Пісьменьнікі за баксы прыехалі зь Менску». Гамяльчане ў рэальнасьці адчуваюць вялікі дыскамфорт. І могуць, пры пэўнай арганізацыі, выйсьці, каб давесьці сваё права на «русскость».
Карына, настаўніца:
«У НАС НЯМА ГЛЕБЫ ДЛЯ КСЭНАФОБІІ»
У нас для падобнай акцыі няма прычын. Колькі беларусаў загінула у чачэнскай вайне? Хто зь беларусаў пацярпеў ад якой каўкаскай мафіі? Дзе ў нас рынкі, якія цалкам кантралююцца дзецьмі Поўдня? Няма глебы для ксэнафобіі.
Аляксандар Кулінковіч, лідэр гурта «Нэўра Дзюбэль»:
«ПЕРАШКОДАЎ УЛАДЫ ЧЫНІЦЬ НЯ БУДУЦЬ»
Я думаю, што магчыма. І ніякіх перашкодаў улады чыніць ня будуць. Нашыя ўлады здольныя разагнаць Дзяды ці Чарнобыльскі Шлях, але «Русский марш» пройдзе пад узмоцненай аховай міліцыі. Наша краіна ўсё болей і болей становіцца губэрняй. Такі марш, вядома, ня будзе такі шматлікі, як у Расеі, але ён магчымы. Ёсьць вельмі шмат людзей, як правіла, вельмі пяшчотнага ўзросту, якія вядуцца на любу ідэю — РНЕ ці нешта падобнае. Нармальныя, здаецца, беларусы, якія не аспрэчваюць сваю беларускасьць, але якія пры разьвітаньні чамусьці выкрыкваюць: “Слава России!». Я такое бачыў. Напэўна, не хапае мазгоў, каб зразумець, што яны робяць.
Віталь, прадпрымальнік:
“УЛАДА ВЫХОЎВАЕ БЕЛАРУСАЎ”
У Менску гэта немагчыма. Бо нават пры ўсёй калгаснасьці і савецкасьці нашай улады, яна выхоўвае беларусаў. Хай не зусім нармальных, не зусім эўрапейскіх, але беларусаў. Яны шчыра любяць прэзыдэнта, які навёў парадак і дае прыкурыць “адмарозкам” з апазыцыі, што прадаліся за даляры. Яны пэцкаюць фізіяноміі ў чырвона-зялёныя колеры падчас футбольных матчаў і скандуюць “Бе-ла-русь!”. Але ўявіць, каб яны з такім самым імпэтам мазаліся ў расейскі трыкалёр, я не магу. Трактар “Беларусь” зь іхнай башкі ўжо нічым ня выб’еш. Ніякім двухгаловым арлом.
Уладзімер, таксіст:
«МЫ НЯ ВЕДАЕМ, ХТО МЫ»
У нас такое немагчыма. Бо мы самі ня ведаем, хто мы ёсьць. Мы рускія? А чорт яго ведае. Мы беларусы? Таксама невядома. Мы – ні рыба ні мяса. Кожны з нас паасобку, а разам – невядома што.
Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр:
“ЁН У НАС ІДЗЕ ДАЎНО”
Мне здаецца, “Русский марш” у нас ідзе даўно. Проста ён адбываецца ў іншых формах. У тым выглядзе, як у Расеі, у нас ён немагчымы. Немагчымы яшчэ й таму, што нічога ў Беларусі ня робіцца без дазволу аднаго ўсім нам вядомага чалавека. У той момант, як ён захоча, каб быў гэты марш, будзе марш. Але ідэалягічна гэты марш ужо даўно ідзе. Калі ласка, паглядзіце на дзейнасьць выдавецтва “Православная инициатива». Ці на дзейнасьць праваслаўнай царквы ў гэтым накірунку. Паглядзіце на тое, што адбываецца з пратэстанцкімі цэрквамі. Паглядзіце на тыя свастыкі, якія намаляваныя на іконах у Курапатах. Паглядзіце, як “актыўна” ловяць службы бясьпекі тых фашыстаў, што зьдзяйсьняюць у нас акты вандалізму. Сюды ў Менск сьцягнутыя паголеныя маладыя людзі, якія ходзяць у чорных строях, і, так бы мовіць, сочаць за парадкам. Яны зьяўляюцца ў многім носьбітамі ідэалёгіі “рускага маршу”.