“РУССКИЙ МАРШ» І БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ
Камэнтар
Пачнем з таго, што “Русский марш” ня можа быць арганізаваны ўладай, інакш гэта будзе ўжо зусім іншая зьява і іншая краіна, накшталт гітлераўскай Нямеччыны. “Русский марш” пачынаецца зьнізу, улады могуць яго дазволіць або забараніць, падтрымаць або не дапусьціць.
Фашыстоўскія арганізацыі ў аўтарытарных краінах звычайна выкарыстоўваюцца як ланцуговы сабака, які то адпускаецца на большую даўжыню, калі трэба “пакусаць” апанэнтаў з дэмакратычнай апазыцыі і ўвогуле крыху прыструніць народ, то падцягваецца да нагі, калі трэба зрабіць “дэмакратычны выгляд” на міжнароднай арэне. Як правіла, фашыстаў ня трэба ствараць або прыдумляць – яны зьяўляюцца самі і маргінальна існуюць у любой краіне сьвету. Іх можна падкармліваць, альбо старацца трымаць у больш-менш небясьпечнай кандыцыі – як і любую іншую злачыннасьць.
Ці ёсьць у Беларусі такі грамадзкі, сацыяльны, мэнтальны патэнцыял, які мог бы заўтра выплеснуцца на вуліцы “Русским маршем”? Прынамсі гісторыя ўсяго мінулага стагодзьдзя паказвае, што ані такога патэнцыялу, ані прэцэдэнтаў такіх маршаў у нас няма.
У Беларусі магчымы толькі адзін марш, зьвязаны з нацыянальным пытаньнем, – беларускі. Прынамсі, за апошнія 20 гадоў толькі беларускія маршы – а дакладней, шляхі – хадзілі па нашых праспэктах. І тое ня з мэтай паказаць сваю перавагу над іншымі, а толькі каб сьцьвердзіць, насуперак афіцыйнай русіфікацыі, што беларусы ня горшыя за іншых, а значыць, маюць права.
Усе нашы “Чарнобыльскія шляхі” і “Дні Волі”, усе акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі 16 дня кожнага месяца – усё гэта і ёсьць адзін беларускі шлях негвалтоўнага самасьцьвярджэньня, насуперак гвалтоўнай антыбеларускай палітыцы рэжыму. Сёньня ўся ўласна беларуская літаратура і музыка, уся культура, уся ўласна беларуская моладзь – гэта адзін беларускі шлях.
Чаму за ўсё мінулае стагодзьдзе мы ня маем выразных прэцэдэнтаў “русского марша” ў Беларусі? Магчыма, таму, што такім маршам па-сутнасьці зьяўляецца палітыка афіцыйнага кіраўніцтва краіны. Але нават калі б кіраўніцтва праводзіла іншую палітыку, “русскому маршу” не было б адкуль узяцца. Адзіная яго крыніца – гэта існаваньне ў нас філіяў маскоўскіх фашыстоўскіх арганізацыяў. Але іх уплыў нязначны. Нават не настолькі значны, як у пачатку стагодзьдзя, калі эмісары з Расеі спрабавалі зладзіць ва ўсходніх гарадах Беларусі габрэйскія пагромы. У адрозьненьне ад Расеі, такія пагромы ня сталі тады ў нас ані тэндэнцыяй, ані зьявай. Зноў жа таму, што ня мелі мясцовых каранёў.
У дакумэнтах нямецкай акупацыйнай адміністрацыі часоў мінулай вайны ўтрымліваецца мноства сьведчаньняў няздатнасьці беларусаў да “русского марша”. Вось некалькі характэрных цытат з рапартаў гітлераўскіх афіцэраў:
«Беларусаў нельга справакаваць на пагромы жыдоў».
«У Менску не назіраецца ярка выражанага антысэмітызму».
«Інсцэніраваць пагромы супраць жыдоў дагэтуль у зьвязку з пасіўнасьцю… беларусаў аказалася немагчыма».
Гэта, натуральна, ня значыць, што ў часе вайны ў Беларусі панаваў мір і спакой. Мясарубка рэпрэсіяў не спынялася ні на хвіліну. Вось толькі да выкананьня экзэкуцыяў немцам даводзілася прыцягваць не мясцовых актывістаў, а карнікаў з Украіны і Літвы.
За прамінулыя 60 гадоў беларусы ў пляне ксэнафобіі ня сталі больш актыўнымі. І калі самахоць і выходзяць на вуліцы маршам, дык зусім не таму, каб пратэставаць супраць габрэяў ці асобаў “каўкаскай нацыянальнасьці”, а ўсё з тым жа сваім старым лёзунгам – “Людзьмі звацца!”