Атамны прывід
БЕЛАРУСЬ ХУТКА СТАНЕ ЯДЗЕРНАЙ ДЗЯРЖАВАЙ?
Аналітыка
Праз 20 гадоў пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС афіцыйны Менск вырашыў пабудаваць уласную атамную электрастанцыю. Яе першы блёк павінен пачаць працу ў 2015 годзе.
Да думкі пра неабходнасьць “мірнага атаму” беларускае грамадзтва падводзілі спакваля. Спачатку ў афіцыйнай прэсе зьявіліся развагі навукоўцаў на гэты конт. Потым той-сёй з урадавых чыноўнікаў падкінуў думку для абмеркаваньня. Заявы пра патрэбу ва ўласнай АЭС рабіліся ўсё больш гучнымі. Маўчаў толькі кіраўнік дзяржавы, хоць звычайна А.Лукашэнка ці не штодня выказваецца па безьлічы дробных пытаньняў. Калі ж ён нарэшце закрануў тэму АЭС, дык быў неверагодна далікатны: маўляў, зараз пралічваюцца ўсе “за” і “супраць”, а перад тым, як прыняць канчатковае рашэньне, абавязкова параімся з народам.
Тым часам у прэсу трапіла інфармацыя, што падрыхтоўчыя работы для будаўніцтва АЭС ужо вядуцца і нават вызначаныя магчымыя месцы пад будучую электрастанцыю. Грамадзтва маўкліва праглынула гэтую навіну. Спроба аднаго з палітыкаў сарганізаваць антыядзерны рух практычна ніякага рэзанансу ня мела.
Зусім нядаўна на стужцы ўрадавага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА зьявіўся артыкул пад назвай “Белорусская АЭС: больше pro, чем contra”. Аўтар тэксту пераконвае суайчыньнікаў, што альтэрнатывы атамнай энэргетыцы няма. Сваю місію ён выконвае досыць прафэсійна. Пачуцьцё гонару за эканамічныя посьпехі апошніх гадоў аглядальнік спалучае з трывогай за дзень заўтрашні. Як будуць адчуваць сябе энэргаёмістыя прадпрыемствы нафтахімічнага і мэталургічнага комплексаў ва ўмовах росту коштаў на нафту і газ?
Цікавым і сымбалічным выглядае тое, што ўрадавае агенцтва распавядае пра небясьпеку, што зыходзіць… ад галоўнага хаўрусьніка Беларусі – Расеі. Раптам высьветлілася, што энэрганосьбіты мы атрымліваем з адной крыніцы. У зьвязку з гэтым згадваецца і пра тое, як пару гадоў таму ў сярэдзіне зімы “Газпром” адключыў падачу газу ў нашую краіну, і пра больш сьвежую падзею – скарачэньне паставак нафты кампаніяй “Роснефть”.
“Усё разам гэта, на жаль, нагадвае пэўны ціск на Беларусь, — робіць выснову БЕЛТА. – Пры тым варта разумець, што калі ты ў значнай ступені залежыш ад манапольнага пастаўшчыка энэрганосьбітаў, адстойваць сваю пазыцыю па любых пытаньнях заўсёды нашмат цяжэй”.
Сапраўды, калі “Газпром” будзе паводзіць сябе ў дачыненьні да Беларусі прыкладна, як “Белпошта” і “Белсаюздрук” – зь незалежнымі газэтамі, наша краіна трапляе ў складанае становішча. Аднак гутарка пра тое вялася яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Улада тады адмахвалася ад прапановаў апазыцыі дывэрсіфікаваць (зрабіць больш разнастайнымі) крыніцы энэрганосьбітаў – адчапіцеся, мы сябруем з Расеяй і таму заўсёды будзем мець танную нафту і газ. Цяпер відавочна, хто меў рацыю.
Але вернемся да абгрунтаваньня пабудовы АЭС. Паколькі ня ўсе грамадзяне Беларусі бяруць да галавы клопат пра лёс “Нафтану” ці БМЗ, ім падкідваюць яшчэ адзін аргумэнт: імавернае істотнае падвышэньне платы за жыльлёва-камунальныя паслугі. Гэта ўжо тычыцца практычна ўсіх.
Далей малюецца карціна дабрабыту, які чакае Беларусь пасьля таго, як АЭС пачне працаваць: гэта і танная электраэнэргія, і экалягічныя выгоды, і шмат чаго яшчэ. Усе астатнія варыянты абвяшчаюцца ня вартымі ўвагі. Паводле БЕЛТА, і маштабныя праграмы энэргаашчаджэньня, і альтэрнатыўнае паліва, і выкарыстаньне энэргіі сонца ды ветру, здольныя вырашыць праблему толькі часткова. А вось АЭС… Карацей кажучы, паўтараецца гісторыя дзесяцігадовай даўніны, калі ўлады не жадалі чуць пра альтэрнатыўныя магчымасьці ў энэргетыцы.
Атамны прывід, хваласьпеў якому ўжо ладзяць дзяржпрапагандысты, паступова становіцца рэальнасьцю. На мінулым тыдні першы намесьнік гендырэктара канцэрна “Белэнэрга” Аляксандар Сівак падчас візыту на Калінінскую АЭС назваў меркаваную дату пуску першага атамнага энэргаблёку ў Беларусі – 2015 год.
Сьмешнымі выглядаюць рэвэрансы чыноўніка наконт неабходнасьці параіцца з жыхарамі тэрыторыі, на якой будзе будавацца атамная электрастанцыя. Што б яны ні сказалі, дата ўжо вызначаная. І партнэр па будаўніцтве таксама: Сівак заявіў, што прыярытэт будзе аддадзены Расейскай Фэдэрацыі. Такім чынам, на беларускай АЭС замест сучасных і дасканалых заходніх тэхналёгій будуць выкарыстоўвацца больш танныя расейскія. Такім чынам, Беларусь дагоніць у сваім атамным разьвіцьці Іран.
Зрэшты, пярэчаньняў большая частка грамадзянаў Беларусі не выказвае. Хоць атамны гром ужо аднойчы грымнуў над нашай краінай, мужык па-ранейшаму не жагнаецца.