АПЭРАЦЫЯ “БЕЛЫ ПАРАШОК”
Улада працягвае акцыі запалохваньня і дыскрэдытацыі апазыцыі
Зь першых рук
29 кастрычніка ўвечары на памежным пераходзе Прывалка пры праверцы аўтамабіля, у якім вярталася зь Вільні старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс з калегамі, мытнікі нечакана знайшлі ў адным зь люстэркаў некалькі пакецікаў зь белым рэчывам.
Анжаліку Борыс і яе спадарожнікаў, актывістаў Саюзу палякаў Анджэя Лісоўскага, які быў за рулём машыны, і Тэрэзу Селівончык абшукалі, пасьля чаго даставілі ў Гародню. Там у абласным псыханэўралягічным дыспансэры іх прымусілі здаць аналізы крыві на ўтрыманьне наркатычных рэчываў. Толькі раніцай наступнага дня, пасьля дзесяці гадзінаў затрыманьня, Борыс, Лісоўскага і Селівончык вызвалілі.
Знойдзеныя пакеты зь белым парашком былі накіраваныя на экспэртызу, аўтамабіль “Аўдзі”, які належыць Лісоўскаму сканфіскаваны для “далейшых сьледчых дзеяньняў”.
Мы зьвязаліся з Анжалікай Борыс праз тэлефон, калі яна была ўжо дома. У размове старшыня Саюзу палякаў (улады, якія правялі летась незаконны зьезд гэтай арганізацыі, факт старшынства Борыс не прызнаюць) выказала упэўненасьць, што гісторыя будзе мець працяг. Анжаліка Борыс расцэньвае інцыдэнт як правакацыю. “Нас вельмі доўга правяралі на мяжы, пакуль “раптам” не знайшлі гэты парашок, – распавяла спадарыня Борыс – але нам ён не належыць”. Знойдзеныя пакецікі былі загорнутыя ў чыстую анучку белага колеру. Аднак у той дзень ішоў дождж, і калі б анучка ляжала ў вонкавым люстэрку, на яе, безумоўна, патрапілі б вільгаць і бруд.
Анжаліка Борыс перакананая, што гэтая правакацыя скіраваная супраць яе і іншых актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў з мэтай маральна зламаць яе саму і яе калегаў. Пазьней у інтэрвію прэс-цэнтру “Хартыі-97” Борыс сказала, што супраць яе “могуць пачаць крымінальны працэс, скампрамэтаваць. Такія ў афіцыйнага Менску мэтады. Але калі яны такім чынам дзейнічаюць у адносінах да грамадзкай арганізацыі, яе лідэра, урэшце, у адносінах да жанчыны, гэта гаворыць толькі аб іхным бясьсільлі”.
Нагадаем, што гэта ня першае затрыманьне старшыні Саюзу палякаў. Актывістаў непрызнанага СПБ не аднойчы затрымлівалі з розных надуманых прычынаў, не дазвалялі выезд за мяжу.
Як стала вядома, сьледзтвам у справе “белага рэчыва” займаецца КГБ. Сьледчы ўжо заявіў для прэсы, што гэта наркотык – амфэтамін з дабаўленьнем гашыша. Яшчэ адзін прадстаўнік праваахоўчых органаў казаў таксама пра гераін – яшчэ больш моцны наркотык. Борыс выклікалі на допыт у якасьці сьведкі па справе. Галоўным падазраваным названы кіроўца аўтамабіля, у якім знайшлі тайнік, Анджэй Лісоўскі. “Справа аб наркотыках” раскручваецца?