Каралева ў Вільні

Беларусь і суседзі

У Вільню прыехала каралева. Тысячы беларусаў, якія з-за неспрыяльнае сытуацыі на Бацькаўшчыне сталі цяпер паводле пашпарту палякамі або літоўцамі, віталі манархіню зь непадробным захапленьнем. Усё ж такі сапраўдная каралева – гэта не які-небудзь прэзыдэнт ці прэм’ер. Ад яе і не патрабуецца казаць палітычныя прамовы ці весьці якія-небудзь важныя перамовы. Проста там, дзе яна зьяўляецца, усе адчуваюць, што ажыла казка, і што цуд гэтага жыцьця нашмат большы за ўсе прамовы і перамовы. На шчасьце, ёсьць на плянэце такія пэрсанажы, як сапраўдная каралева. І на жаль, абмінаюць яны нашу краіну.

У Вільні каралева Вялікабрытаніі Лізавета ІІ спаткалася з прэзыдэнтам і соймам, усклала кветкі да магілы змагароў за незалежнасьць Літвы, пагаварыла зь людзьмі на плошчы, пабыла на лекцыі ва ўнівэрсытэце і на банкеце ў гарадзкой ратушы. Цікава, што сярод гасьцей 80-гадовай манархіні былі 10 раўналетак (каб было з кім перакінуцца словам), а ў прэзыдэнцкім палацы яе ўпершыню сустракала варта ва ўніформе рыцараў 14-га стагодзьдзя. Да візыту каралевы гісторык Бумблаўскас падрыхтаваў яе генэалёгію, скуль вынікае, што Лізавета ІІ – далёкі нашчадак вялікага князя Гедыміна.

Пасьля Вільні высокая госьця разам з мужам, герцагам Эдынбурскім Піліпам, адправілася ў Рыгу і Талін.

Ул. інф.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.