КУТУЗАВУ ПАГРАЖАЕ ВОЙСКА
ФУТБАЛІСТ НАКЛІКАЎ НА СЯБЕ ГНЕЎ ЛУКАШЭНКІ
Спорт
Скандал вакол адмовы форварда Віталя Кутузава гуляць за футбольную зборную Беларусі мае падводныя камяні. Справа ў тым, што спартовец наклікаў на сябе гнеў кіраўніка дзяржавы.
Пасьля стартавай гульні з Албаніяй у рамках адборачнага цыклу Чэмпіянату Эўропы (матч скончыўся зь нічыйным лікам 2:2), настаўнік зборнай Беларусі Юры Пунтус раптоўна адмаўляецца ад паслуг Віталя Кутузава. Прычына – ягоная “дрэнная фізычная форма” перад наступным матчам з Галяндыяй. Форвард сапраўды выглядаў на полі ня лепшым чынам, але, шчыра кажучы, наша нацыянальная каманда ўвогуле рэдка выглядае бліскуча. Тым больш нечаканым рашэньне Пунтуса выглядала з-за недахопу нападнікаў у той момант. А Кутузаў усё-ткі пры ўсіх сваіх хібах даўно гуляе ў вельмі моцным італьянскім чэмпіянаце, прычым ня ў горшых камандах.
Даведаўшыся пра гэта, Кутузаў сьцепануў плячыма і ў інтэрвію “Прэсболу” (7 верасьня) выказаў сумнеў, што рашэньне сыходзіла ад галоўнага трэнэра. У той публікацыі амаль адкрыта намякалася, што да яго спрычыніліся высокапастаўленыя заўзятары. Аднак Кутузаў зазначыў, што ў любым выпадку крыўды не трымае і ў наступных матчах гатовы выступаць за Беларусь.
Але празь дзесяць дзён у фэдэрацыю футболу прыйшоў факс, у якім форвард прасіў не выклікаць яго на гульні цяперашняга адборачнага цыклу, які будзе доўжыцца яшчэ каля году. Абгрунтаваў гэта Кутузаў пры дапамозе зьедлівай фармулёўкі – “жадаю набраць найлепшую фізычную форму”.
Цяпер Пунтус пераконвае Кутузава зьмяніць рашэньне і ўжо на пачатку кастрычніка ізноў далучыцца да зборнай. Але той згоды пакуль не дае.
Што ж адбылося на самой справе? Паводле нашых зьвестак, Кутузаў у дрэнную хвіліну патрапіў на вочы Лукашэнку. Пад час гульні з албанцамі камэра раз-пораз факусавалася на асобе форварда, які, нягледзячы на даволі няўдалую гульню, меў радасны выраз твару. Гэта надта не спадабалася Лукашэнку, і ён запатрабаваў пакараць Кутузава.
Першая ідэя, якая прыйшла ў галаву чыноўнікам, мэнталітэт якіх фармаваўся за савецкім часам – пазбавіць таго, хто праштрафіўся, замежнай паездкі. У нашым выпадку гэта выглядала тым больш сьмешна, што Кутузаў зараз жыве ў Італіі, а ў родную Беларусь наведваецца толькі на адпачынак і па выкліках зборнай Беларусі. Так што пакаралі ў выніку самі сябе, пакінуўшы каманду без гульца.
Але на гэтым справа ня скончылася. Яшчэ адзін спосаб пакараньня, добра вядомы з савецкіх часоў – абуць спартоўца ў вайсковыя боты. Відаць па ўсім, Кутузаў успрыняў гэтую пагрозу ўсур’ёз. Менавіта гэтым тлумачацца яго непасьлядоўныя паводзіны. Калі форвард даведаўся пра магчымую пэрспэктыву атрымаць позву з ваенкамату, жаданьне наведвацца ў Беларусь у яго адразу зьнікла.
Зараз Кутузаву 26 гадоў. Прызыўны ўзрост сканчаецца ў 27, практычна адначасова з адборачным турнірам чэмпіянату Эўропы. Менавіта гэтым і тлумачыцца тэрмін, на які форвард адмовіўся выступаць за нацыянальную каманду.
Праз год войска Кутузаву ўжо пагражаць ня будзе. Тады ён можа спакойна вярнуцца ў каманду. Праблема насамрэч не ў Кутузаву. Урэшце, адмовіўся ж новы трэнэр зборнай Англіі ад паслуг знакамітага Дэвіда Бэкхема. Але ён зрабіў гэта з уласных меркаваньняў, а не на загад Тоні Блэра ці каралевы.
У нас жа, здаецца, неўзабаве склад нацыянальнай каманды на кожную гульню трэнэр будзе папярэдне зацьвярджаць у прэзыдэнцкай адміністрацыі. Бо ёсьць у краіне чалавек, які лепш за усіх астатніх разьбіраецца ня толькі ў палітыцы і сельскай гаспадарцы, але і ў футболе, беларускай мове, правілах дарожнага руху і гэтак далей. Больш за тое, хакейная каманда, за якую гуляе Аляксандар Лукашэнка, вядомая тым, што ніколі й нікому не прайграе – нават сучасным зоркам. Можа, каб беларусам патрапіць на футбольны чэмпіянат Эўропы, варта яго выпусьціць на поле замест Кутузава?