Пасьведчаньне паляка

Прэм’ер ураду Польшчы Яраслаў Качынскі паабяцаў, што неўзабаве будзе прыняты новы закон аб грамадзянстве, у якім для палякаў, што жывуць за мяжой, будзе засьведчана права на падвойнае грамадзянства, а таксама на Пасьведчаньне паляка.

Пасьведчаньнем найперш змогуць скарыстацца палякі з былых савецкіх рэспублік, якія не ўваходзяць у склад Эўразьвязу. Праект закону ўводзіць таксама панятак “замежнага паляка”.

– Гэта першая такога кшталту ўрадавая ініцыятыва. Яна павінна прывесьці да таго, каб сытуацыя палякаў на Ўсходзе стала лепшай і ясьнейшай, — кажа Яраслаў Качынскі. Колькі асобаў можа атрымаць Пасьведчаньне паляка? – Калі за пяць гадоў яго атрымае мільён чалавек, мы зможам гаварыць пра вялікі посьпех, — дадае Міхал Дворчык, дарадца прэм’ера.

Пасьведчаньне паляка дасьць тым, хто яго атрымае, права на доўгатэрміновую візу, а таксама на перасяленьне ў Польшчу. Уладальнік Пасьведчаньня будзе езьдзіць польскай чыгункай з 37-працэнтавай зьніжкай, бясплатна наведваць музэі і, пасяліўшыся ў Польшчы, бясплатна вучыцца ў школе.

Праўда, перад тым, як чалавек атрымае Пасьведчаньне, ён павінен стаць “замежным палякам”, гэта значыць, быць прызнаным асобай польскага паходжаньня. Ён павінен “дэкляраваць прыналежнасьць да польскай нацыі” і мець як найменш аднаго з бацькоў альбо дзядоў альбо двух прадзедаў польскай нацыянальнасьці. Ён павінен таксама ведаць польскую мову і культываваць польскія традыцыі. Рашэньне пра тое, ці хтосьці мае польскае паходжаньне, будзе прымаць старшыня Ўправы рэпатрыяцыі, іншаземцаў і замежных палякаў.

Праект новага закону ўлічвае досьвед Вугоршчыны, Славаччыны і іншых краін, дзе ўжо ўведзеныя ў дзеяньне Пасьведчаньні вугорца, славака ды іншых. Пра тое, каб было ўведзена Пасьведчаньне беларуса, нашым суайчыньнікам, якія нарадзіліся і жывуць на этнічных беларускіх землях, але воляю палітыкі аказаліся за межамі сваёй дзяржавы, застаецца толькі марыць.

Уласная інфармацыя

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.