ЧАС БРАЦЦА ЗА МІСІЮ

Камэнтар

Сёньняшняе апытаньне на тэму “Што можа зрабіць апазыцыя?” сьведчыць пра тое, што людзі ня зьвязваюць сваіх спадзяваньняў на блізкія перамены з апазыцыяй, а гэта значыць, ня вераць, што ў апазыцыі ёсьць рэальныя рычагі ўплыву на сытуацыю і хоць колькі-небудзь вызначальная роля ў грамадзкім жыцьці. Апазыцыя ёсьць і яе быццам няма.

Прычына гэтага – у самой прыродзе апазыцыі. Яна – парлямэнцкая, нават ня вулічная, ня тое, што рэвалюцыйная. Яе натуральнае асяродзьдзе – кулюары, фракцыі, перамовы. Яе звышзадача – пошук кансэнсуса, гэта значыць – гармоніі і згоды. Іншымі словамі, яна ў нас роўна адваротная таму, чаго ад яе чакаюць, і тым задачам, якія апазыцыя вырашае ў аўтарытарнай дзяржаве. А менавіта – ісьці на абвастрэньне, на жорсткае супрацьстаяньне, на рэвалюцыю.

Каб ясьней убачыць гэтую неадпаведнасьць, дастаткова ўявіць сабе парлямэнцкую апазыцыю ў СССР часоў Сталіна ці ў Нямеччыне часоў Гітлера. Нават калі б яна такая і была, яе ўплывы на сытуацыю былі б на нулі. Бо ў такіх сыстэмах штосьці значыць ня пошук гармоніі, а наадварот: цынічны лёбінг у кулюарах улады, выкіды кампрамату, “разрульваньне” фінансавых патокаў… – усё тое, за што палітыку называюць бруднай справай.

Лукашэнка і імкнецца разглядаць апазыцыю такой – адпаведнай сабе. Адсюль сюжэты пра падрыхтоўку апазыцыі да тэрактаў напярэдадні выбараў, адсюль гэтае бандыцкае азначэньне – “адмарозкі” на адрас акадэмікаў і народных паэтаў, адсюль гэтыя прысуды інтэлігенцыі з фармулёўкай “ішоў па вуліцы, ругаўся матам”…

Самыя экстрэмальныя дзеяньні нашай апазыцыі – гэта выхад на “несанкцыянаваны” мітынг зь “незарэгістраванай” сымболікай. Зразумела, што ўскладаньнем кветак да помніка Перамогі гэты рэжым ня скінеш і ўладу не перахопіш. Парлямэнцкая апазыцыя ў дыктатарскай краіне пазбаўленая любых легальных і мірных (а іншых яна ня мае) магчымасьцяў рэальна ўплываць на грамадзтва. Яна асуджаная на адмоўны рэйтынг і, ня будзь ёй дапамогі звонку, як зьява перастала б існаваць. Дакладней, рассыпалася б на адзінкі дысыдэнтаў, што ў рэгіёнах сям-там ужо і адбылося.

З гледзішча абстрактнай будучыні Беларусі выгадна мець “у запасе” парлямэнцкую апазыцыю, гатовую зараз арганізаваць у краіне нармальнае палітычнае жыцьцё – з рэальнымі выбарамі, партыямі, фракцыямі, з кадравымі палітыкамі і г.д. Вось толькі ніхто ня ведае, калі гэта ўсё спатрэбіцца і ці спатрэбіцца ўвогуле. Пры гэтым парлямэнцкая апазыцыя ня можа доўга захоўвацца ў такім закансэрваваным выглядзе. Дый існаваць толькі таму, што цябе нехта падтрымлівае, — матывацыя яўна ня рэйтынгавая.

Апазыцыя спрабуе “ісьці ў народ”, але і тут галоўнае пытаньне – з чым? Калі вы супраць дыктатуры, а ваш уплыў на грамадзтва зьведзены да нуля, калі вы ваюеце з ростам камунальных расцэнак, а самі ніяк на гэтую сыстэму не ўплываеце, калі вы кажаце пра незалежнасьць і Лукашэнка кажа пра тое самае, тады вынік паходу “ад дзьвярэй да дзьвярэй” можа мець адваротны эфэкт. Калі вы абяцаеце, што зробіце нешта, прыйшоўшы да ўлады, а пры гэтым і вам, і ўсім ясна, што да ўлады вы ня прыйдзеце, — гэта таксама не рэйтынгавая матывацыя.

Выглядае, што апазыцыі ўжо сёньня трэба было б задумацца пра сябе саму, калі яна рассыплецца на дысыдэнцкія мікрагрупы – гэта значыць, дойдзе да апошняй мяжы. Задумацца менавіта для таго, каб захавацца. Прырода дысыдэнта найбольш трывалая, бо ён выконвае місію. Напрыклад, у сёньняшняй Беларусі, дзе адбываецца татальная дэбеларусізацыя ўсяго і ўся, менавіта дысыдэнты падтрымліваюць сваім чынам Культуру і Традыцыю.

Беларушчына – нацыянальная годнасьць беларуса, традыцыя і мова – гэта, бадай, адзіная сфэра, якая a priori прызнаецца народам за сваю, і зь якой вядзе адкрытую вайну рэжым Лукашэнкі. Гэты, па сутнасьці сваёй бюракратычны прарасейскі рэжым не сустракае сур’ёзнага адпору і сур’ёзнай крытыкі менавіта з боку нашай парлямэнцкай апазыцыі. Пакрыўджаны нацыянальны гонар цэлага народу застаецца ня тое, што не адплочаным, а часта нават і не заўважаным. І гэта пры тым, што беларушчына і ёсьць у нас той лініяй фронту, якая падзяліла дэмакратычныя каштоўнасьці і аўтарытарна-бюракратычныя парадкі. Улада не гаворыць па-беларуску, улада закрывае школы і выгнятае беларушчыну з публічнага жыцьця. А апазыцыя толькі пятым пунктам крытыкуе такую палітыку, не жадаючы ўбачыць свой уласны патэнцыял, свой рычаг узьдзеяньня на працэсы ў краіне.

Дзеці з закрытага гвалтам ліцэя альбо пісьменьнікі, выгнаныя з Дому літаратара, менавіта на апазыцыю паглядалі, як на сваю ўладу і сваю надзею. Тое самае адбылося з тысячамі і тысячамі звольненых настаўнікаў, журналістаў, навукоўцаў, краязнаўцаў і проста беларускамоўных людзей. Але гэты вялізны грамадзкі патэнцыял не пабачыў у парлямэнцкай апазыцыі той “сваёй улады”, на якую ў глыбіні душы спадзяваўся.

Апазыцыі так і не ўдалося знайсьці пляцоўку, на якой бы яна магла рэальна спаборнічаць з уладай, адваёўваць захопленую тэрыторыю, адбудоўваць разбураныя аб’екты, будаваць у Беларусі сваю беларускую Беларусь. Магчыма, эвалюцыйным шляхам наша апазыцыя ўсё ж знойдзе гэтую занядбаную місію і тады – уратуецца сама. Калі ж не, тады праз гады ў Беларусі з дысыдэнцкіх мікрагрупаў паўстане новая апазыцыя. Ці будзе яна парлямэнцкай – пакажа час.

Алесь Кебік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.