Што можа зрабіць апазыцыя гэтай восеньню?

Апытаньне тыдня



Валянцін Акудовіч, філёзаф:

“НЕ ПЕРАТВАРЫЦЦА Ў НІШТО”
Выбачайце за таўталёгію, я думаю, што нават тыя, хто думае пра гэта, ня надта ведаюць, што трэба рабіць. Бываюць пэўныя паўзы, правалы, ямы ў любой сфэры дзейнасьці і ў палітыцы асабліва. Калі што ні рабі, усё на глум. Перарухі ў палітыцы здараюцца нечакана. Як, напрыклад, развал Саюзу. А пакуль нічога не выдае на тое, што штосьці можа рэальна зварухнуцца. Што можна рабіць? Я быў супраць ідэі кангрэсу, яна мне здавалася цалкам дурацкай. А зараз думаю, што, магчыма, каб хоць чымсьці заняцца, дык хай хоць кангрэс правядуць. Я быў шчыры сымпатык руху “За свабоду”. Але хай бы хто ўцямна мне патлумачыў, чаму гэтая ідэя ляснулася. Гэта выглядала сур’ёзнай ініцыятывай, якая выбудоўвала іншую пэрспэктыву ў разгортцы падзеяў. Але за лета ўсё зьнікла і… маўчаньне з боку ініцыятараў. Што трэба рабіць, каб умацаваць свае пазыцыі? Тут хутчэй ужо задача як-небудзь утрымаць гэтыя пазыцыі… Хаця, якое ўтрымаць! Яны ўжо згубленыя. Тут каб ужо зусім у нішто не зваліцца.

Крысьціна Шацікава, грамадзкая актывістка:
“ТРЭБА ВЫХОДЗІЦЬ УСІМ”
Мне цяжка адказваць на гэтае пытаньне. Я ведаю, што трэба выходзіць і выходзіць усім, але як гэта арганізаваць зараз, я ня ведаю ўвогуле. Калі мы не дамовімся паміж сабой, тады няма пра што гаварыць. Трэба зрабіць так, каб паміж сабой не было сварак. 16 верасьня мы паглядзім на настрой людзей. Зараз ёсьць спад, але гэта, магчыма, зьвязана зь летам. Усе стаміліся. А зараз новы сэзон. Тое, што мы ня будзем моўчкі стаяць і глядзець, як нас штурхаюць, гэта факт. Шмат людзей, якія пасьля сакавіка пераступілі рысу хваляваньня і страху.

Уладзімер, прадпрымальнік:
“ПРАЙГРАЦЬ ЭЛЕГАНТНА”
Ня памятаю, хто зь вялікіх сказаў такую цудоўную фразу: “Перамагчы вы можаце па-любому, але прайграць трэба элегантна”. І гэтай восеньню ў апазыцыі адна задача. Прайграць як мага больш элегантна. Задача не такая простая. Бо ўсё, што можна было прас…ць, апазыцыя прас…ла ўвесну.

Эніра Браніцкая, грамадзкая актывістка:
“ПАДТРЫМАЦЬ ПАЦЯРПЕЛЫХ”
Нічога вырашальнага яны зрабіць гэтай восеньню ня змогуць. Максімум, што яны могуць зрабіць – гэта захаваць сваю актыўнасьць, якая ёсьць, і захаваць свой аўтарытэт. Але якім чынам? Я не прыхільніца вулічных акцыяў. На маю думку, перш за ўсё трэба падтрымліваць тых актывістаў, якія пацярпелі пасьля сакавіцкіх падзеяў.

Ільля, студэнт:
“МОЖНА НІЧОГА АСАБЛІВА І НЕ РАБІЦЬ”
Калі ня будзе рэфэрэндуму па аб’яднаньні з Расеяй, дык можна нічога асабліва і не рабіць. Традыцыйна нагадваць аб сваім існаваньні. А ў выпадку рэфэрэндуму пара перастаць быць “добрай” апазыцыяй. Таварышы мянты і кагэбэшнікі! Вам не падабаецца такая апазыцыя, якая ёсьць? Дык трэба падараваць ім іншую апазыцыю. З пабітым “зімоўскім”, з раскурочаным аўтамабілем “пяткевічаў”, з падпаленым катэджам “шэймана”, з разьбітай вітрынаю якога-небудзь “русского” рэстарану. Фантазію можна не абмяжоўваць. А эфэкт будзе.

Аляксандар Дабравольскі, палітык:
“УДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ВЫБАРАХ”
Рыхтавацца і ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. Апазыцыя можа дабіцца значна большай грамадзкай падтрымкі, калі шмат людзей, якія пойдуць у якасьці кандыдатаў, будуць праводзіць такую грамадзкую кампанію па тых пытаньнях, якія цікавыя людзям. Але я не гарантую, што даб’ецца. Калі шмат кандыдатаў забудуцца на асноўныя пасланьні да людзей, а будуць нейкімі хітрыкамі спрабаваць прайсьці ў гэтыя Саветы, дык нічога не адбудзецца. Зараз вельмі важна, каб была прынятая такая стратэгія, якая б выкарыстоўвала кампанію, каб давесьці адзінае пасланьне да людзей ад імя аб’яднанай апазыцыі. Каб такім чынам пасьля мясцовых выбараў апазыцыя ўзмацнілася і выйшла на новы ўзровень.

Віталь, інжынэр:
“ІСЬЦІ Ў НАРОД”
Апазыцыі даўно пара зьняць карону з галавы і пачаць займацца чорнаю працай. Перастаць быць элітаю. У нас жа паўсюль эліта. Чыноўнікі – эліта, міліцыя – эліта. Апазыцыя таксама. А да народу, да дзядзькі Васі і цёткі Клавы пакуль што справаў няма. Як гэта ні банальна гучыць, трэба ісьці ў народ. Як гэта зрабіць? Хай бы раз на месяц улёткі зьяўляліся ў заводзкіх курылках. Гэта ўжо нямала. Ад большага кантакту з электаратам зьявіцца большае разуменьне сваёй ролі ў гэтым часе і ў гэтым месцы.

Леанід Міндлін, рэжысэр:
“ДАКАЗАЦЬ, ШТО ЯНА ПАКУЛЬ ЖЫВАЯ”
Адзінае, што яна можа зрабіць – гэта даказаць, што яна пакуль жывая. Разьвеяць чуткі пра заўчасную сьмерць. Але як гэта зрабіць? Калі будуць вулічныя акцыі, дык рэзананс будзе невялікі. Грамадзтва стабілізавалася і ўнутры эфэкта ня будзе. Я калісьці займаўся тэорыяй вырашэньня вынаходніцкіх задач. Дык там усё было заснавана на нетрывіяльных хадах. Адказ хаваецца ў тым рашэньні, якога ніхто не чакае. Патрэбны нейкія нечаканыя і, я бы сказаў, сьветлыя акцыі. Але я на гэтую тэму ня думаў. Усё мае адны законы. Сцэнар палітычны, сцэнар кіношны. Здаецца, у нас не хапае добрых палітсцэнарыстаў і палітрэжысэраў.

Адась, вясковы настаўнік:
“РАСПАЎСЮДЖВАЦЬ ІНФАРМАЦЫЮ”
Шмат чаго можна зрабіць. Было б жаданьне. У нашым мястэчку прыкладна 1400 выбарцаў. Зь іх 250 чалавек заўжды галасуюць супраць сёньняшняй улады. Гэта немалая сіла. Так. Сустрэчы з апазыцыйнымі палітыкамі зараз немагчымыя. Калі б я меў хоць якое дачыненьне да арганізацыі такой сустрэчы, дык разьвітаўся б зь любімай працай. Але ж можна распаўсюджваць інфармацыю. Друкаваную прадукцыю разносіць. Нават тузін людзей маглі б “нарабіць шораху”. Далей, культурніцкая дзейнасьць. Канцэрты, сустрэчы зь літаратарамі. Гэта мы можам арганізаваць. У людзей, асабліва ў моладзі, гэта пойдзе на “ўра”. І — яшчэ больш папулярызаваць беларускую мову.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.