Дом Літаратара Ператвораны ў Кабак
Гісторыя з высяленьнем Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара ў Менску цягнецца ўжо некалькі гадоў і сёньня набліжаецца да лягічнага завяршэньня. Няма сумневу, што наступным крокам у змаганьні прэзыдэнта зь пісьменьнікамі стане ліквідацыя Саюзу на падставе страты юрыдычнага адрасу.
У чым лёгіка гэтай барацьбы, у чым яе сэнс і рацыянальнае зерне, а ўрэшце – у чым карысьць ад ліквідацыі найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі?
НЕ ЎКРАДЗІ…
Беларуская літаратура ад пачатку была і застаецца галоўным нацыятворчым чыньнікам. Менавіта з мастацкага слова пачынаецца ўсьведамленьне чалавека сябе беларусам. “Мой родны кут, як ты мне мілы…” – гэта ведаюць усе калі не зь пялёнак, дык са школы. Беларускія літаратары – Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Караткевіч – галоўныя нацыянальныя аўтарытэты і стваральнікі нацыянальнай ідэі, на творах якіх выхоўваюцца новыя пакаленьні беларусаў. У дзяцінстве ў нас мала хто не спрабуе пісаць вершы. Адсюль і вызначэньне беларусаў як нацыі паэтаў.
Трагічны быў лёс многіх літаратараў, але разуменьне нацыятворчае ролі літаратуры было ўласьцівае кожнаму палітычнаму рэжыму ў Беларусі. Асаблівае месца ў грамадзтве Саюз пісьменьнікаў займаў і за Машэравым. Будынак на вуліцы Фрунзэ, 5 трыццаць гадоў назад будаваўся менавіта як Дом літаратара, як маёмасьць пісьменьнікаў, як іх уласнасьць.
З прыходам да ўлады А.Лукашэнкі гэты будынак быў адабраны ў пісьменьнікаў і перададзены ва ўласнасьць адміністрацыі прэзыдэнта. Юрыдычна гэта быў адкрыты крадзёж з боку надзеленай абсалютнай уладай пэрсоны. Выпадак – беспрэцэдэнтны на постсавецкай прасторы. Яшчэ нідзе ў літаратараў іхныя Дамы не адбіралі. Навошта ж пазарыўся на пісьменьніцкую маёмасьць Лукашэнка?
НЯ МАЙ КУМІРА, АКРАМЯ… КУМІРА
Адказ на гэтае пытаньне амаль філязофскі. Згадаю швэйцарскага псыхааналітыка Карла Густава Юнга, які, разважаючы пра любімую жанчыну Гітлера, пісаў, што паколькі ў фюрэра такой жынчынай была толькі Нямеччына, дык і ў Нямеччыны мусіў быць толькі ён, фюрэр. Цяпер успомнім Лукашэнкава выказваньне пра тое, што менавіта гітлераўскую Нямеччыну ён разглядае як узор прэзыдэнцкай рэспублікі для Беларусі, і ўсё стане зразумела.
У яго ёсьць толькі Беларусь – яго пляцдарм, “кусок землі”, як ён сам яе называе. Значыць, і ў Беларусі павінен быць толькі ён. Ніякіх народных пісьменьнікаў, ніякіх іншых герояў. Нават даўно мёртвы Машэраў быў адсунуты ім з цэнтральнага праспэкту, нават Скарына… Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў быў вымушаны зьехаць за мяжу. Народны пісьменьнік Янка Брыль не атрымаў належнае ўвагі дзяржавы ні пры жыцьці, ні пасьля сьмерці.
Лукашэнка разумее, што яго адзінапрысутнасьць у розумах беларусаў – гэта зарука яго сілы, бо калі ты адзіны, усе твае хібы і недахопы ператвараюцца ў вартасьці і прыўкрасы – няма з кім параўноўваць.
Чаму Машэраў не ваяваў зь літаратарамі, а наадварот – спрыяў іх аўтарытэту ў грамадзтве? Таму што ён ня быў ні адзіным, ні рэальна першым – першы і адзіны сядзеў у Маскве.
Лукашэнка актыўна тусуе карты сваіх чыноўнікаў – каб ніхто асабліва не прымільгаўся, не загаварыў якой адсябяціны. Што ўжо казаць пра літаратараў, якім паводле прафэсіі належыць гаварыць тое, што думаюць. Гэць іх усіх з тэлебачаньня, з радыё, з газэт, часопісаў і выдавецтваў.
З гледзішча асабістага інтарэсу Лукашэнкі да ўлады ён усё робіць правільна. І справа зусім ня ў нейкіх там “апазыцыйных поглядах” беларускіх пісьменьнікаў ці ў чым іншым. Справа менавіта ў прыдушэньні ўсіх канкурэнтаў на ўладу. Літаратар у Беларусі, як вядома, і ёсьць – уладар народных дум.
А вось з гледзішча нацыянальных інтарэсаў тут – яўны правал. І ў пляне аўтарытэту на міжнароднай арэне (у РБ сёньня – ніякага аўтарытэту няма), і ў пляне культуры нацыі. Варта згадаць толькі публічную мацяршчыну беларускіх міліцыянтаў – чаго да Лукашэнкі немагчыма было сабе нават уявіць. Адбываецца люмпэнізацыя бытавой культуры беларусаў. Пра высокае ў нас не гавораць. У нас цяпер нізка гавораць ні пра што.
Вось, бадай, і ўвесь сэнс адабраньня Дому літаратара. Наколькі ён рацыянальны – мяркуйце самі. Застаецца толькі сказаць пра тыя “дзяржаўныя справы”, якія будуць цяпер рабіцца ў адміністрацыйным будынку на Фрунзэ, 5.
НАЙЛЕПШАЕ КІНО – ГЭТА ВІНО
Адразу пасьля таго, як будынак быў гвалтам “прыватызаваны” А.Лукашэнкам, пісьменьнікаў сьціснулі ў плошчы да двух пакояў і бібліятэкі. Так яны і суіснавалі некалькі гадоў. У астатнім будынку – ішлі банкеты. З часам былы Дом літаратара ператварыўся ў суцэльную банкетную залю, дзе раздабрэлае на прэзыдэнцкім кармленьні чынавенства “жрёт водку”, а віскі дам перамежваюцца нязлой мацяршчынай “государевых людей”. Банкеты ідуць незалежна ад таго, ці дзень рабочы, ці жалобны. Ня раз, выйшаўшы з паэтычнай вечарыны, дзе гучалі сапраўдныя шэдэўры аўтараў новага пакаленьня, мне даводзілася лоб у лоб сутыкацца з гэтай захмялелай камарыльляй, якая ўсім выглядам давала зразумець, што гаспадарыць цяпер тут – яна.
Але вось ужо і бібліятэку – унікальную калекцыю кніг – вывезьлі ў невядомым накірунку. Нарэшце прыйшоў час мэмарыяльнага пакоя народнага паэта Максіма Танка. У бібліятэцы і ў пакоі Танка будуць абсталяваныя новыя банкетныя залі.