ніз узяў верх

І падумаць толькі – былі часы, калі было непрыстойным для кабеты паказваць нагу вышэй костачкі. А ў добра выхаваным таварыстве нельга было нават казаць «яйкі» – трэ было «плады курыцы».

Сёньня – можна ўсё. І ўсім. Ужо ніхто не ўжывае ў друку шматкроп’е, як раней друкавалі – «ср…ка». Наадварот – ніякі тэкст ня лічыцца сучасным і прагрэсіўным, калі ў ім няма хоць бы слова «засранец».

«Я ванітаваў усю ноч» – так цяпер пачынаюць літаратурны твор. Гэта вам ня «Усё зьмяшалася ў доме Аблонскіх».

Вы будзеце сьмяяцца, але быў звычай ня лаяцца матам пры жанчынах! Думаю, неўзабаве ён вернецца: мужыкам стане сорамна за недасканаласьць сваіх мацюкоў у параўнаньні з дамскім матам. Матрыярхат наступае!

А то вось заўважыў неяк на прыпынку дзяўчыну-красуню – вочы з доўгімі вейкамі, пушыстыя валасы да таліі, белая спаднічка з фальбанкамі – Бацічэлі б расчуліўся! Ды вось падыйшла да яе сяброўка, анёлак мой разявіў роцік, і…

«… тваю маць!» — вылаяўся я ў думках, і пайшоў, гаротны і расчараваны.

Былі нядаўна ў Вільні гастролі Вольнага тэатру зь Менску. П’есы былі пра «соль зямлі» ва ўяўленьні сучасных драматургаў – прастытутак і наркаманаў. Лексыка і паводзіны – адпаведныя.

А ў залі, на пярэднім радзе сядзела самая сапраўдная бамжыха. Галава, што сумуе па шампуню, брудны расьцягнуты швэдар і палатняная торба цераз плячо – відаць, з усімі ейнымі трантамі. А мо там і чабурэк быў недаедзены, мяркуючы па тлустых плямах.

І толькі потым я даведаўся – гэта ж вядомая тэатральная крытыкеса, загадчыцца літаратурнай часткі таго ж тэатру.

А вось нядаўна ў Варшаве наведаў выставу сучаснага мастацтва. Тэма – летняе каханьне. О, як ува мне ўстрапянуўся Ўнутраны Рамантык!

Як на ўсіх сучасных выставах, у залі – вялікі манітор. А там паказваецца акцыя: у вялікім памяшканьні зь дзясятак галюсенькіх параў займаюцца капуляцыяй. «Траханьнем», калі хто не зразумеў. Калі ў кагосьці атрымалася – чутны воплескі публікі, што стаяла там жа, побач. Адзін самец хацеў быць «круцейшым» за астатніх і «апрацаваць» даму, якая ашчаперыла яго сьпераду на «стаяка». Але ў яго ня надта выходзіла, і ён увесь час папраўляў свой «орган» рукой. І апладысмэнтаў не атрымаў.

Здалёку гэта нагадвала капашэньне тлустых белых глістоў у вясковай прыбіральні.

О, рамантыка летняга каханьня!

«Гэта ўсё зь мярзотнага Захаду!» — крычаць «славянскія патрыёты» з «трэцяга Рыму».

Не, браточкі. Гэта ўсё – рэха той вашай «Великой Октябрьской». Гэта ваша ВОСР зрабіла «ўсім, хто быў нікім». Гэта ўсё і ёсьць эстэтыка гэтых «ніхто», дна, «падонкаў» — у мове, у паводзінах, у вопратцы.

«Это вам не институт благородных девиц!» – гэта што, з Захаду прыйшла такая прыказка?

А якія, вы думалі, іншыя кветачкі вырастуць на зруйнаваных і апаганеных «дваранскіх гнёздах»? Гэта ваша радзіма, як пісаў адзін паэт «весь аромат Серебряного века» прамяняла на «вонь портянок». І ўвесь сьвет прасьмярдзеўся.

Доўга ж цяпер давядзецца ветрыць…

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.