Алесь Канючыц. Яшчэ адна лінія Сталіна

Тэма інтэграцыі з Расеяй ужо другі дзясятак гадоў зьяўляецца галоўнай тэмай усіх афіцыйных газэт. Чытаць гэтую сагу без канца, як правіла, нецікава з-за бясконцага паўтарэньня таго самага. Але гэта — калі пішуць менскія “інтэграсты”. Іншая справа, калі слова даецца супрацьлегламу боку. У чацьвер “Народная газета” апублікавала ітэрвію з дэпутатам расейскай Дзярждумы Аляксандрам Хінштэйнам, які пасьля дзяжурных рэвэрансаў у бок адданых Расеі беларусаў сказаў наступнае:

“Думаю, исторически вопрос стоит так: все равно Россия будет расширяться и граница будет восстановлена, а она является стратегической зоной ответственности. Так что Россия сегодня в ответе за Беларусь. А учитывая то, как дружелюбно белорусы настроены (я часто бываю в Минске в командировках и вижу это), жить и работать нам единой семьей, мы все равно придем к этому. Так что я сомневаюсь, что, учреждая Союзное государство, Россия сажает себе на шею нахлебника”.

Пагадзіцеся, крыўдаваць не выпадае. Бо як можна крыўдаваць на шчырыя словы пра адноўленую расейскую мяжу? Хочацца, каб афіцыйныя менскія газэты часьцей давалі слова маскоўскім калегам. Каб яны шчыра распавялі і пра адноўленую валюту, і пра адноўленае грамадзянства, і, самае галоўнае, пра адноўленае войска. Глядзіш, у наступны візыт беларусы ўжо не пададуцца пану Хінштэйну такімі дружалюбнымі.

А публіцыст “Советской Белоруссии» Барыс Ляпешка ў пятнічным нумары задаўся філязофскай праблемай: Чаму ў нас не зьяўляецца каштоўнасьцю індывідуалізм?

“Почему так получилось? Ответ слишком сложен, но главное все же можно выделить. Во–первых, наши вековые достоинства, в частности, коллективная ментальность, соборность, как духовная, так и бытовая, в этом аспекте стали нашими недостатками. То есть индивидуальное все время подавлялось, коллективное подавалось и как образ жизни, и как социальный идеал. Во-вторых, часто употребляется понятие «варварство». Мы были варварами много веков, а многие наши «друзья» считают и ныне, что варварами мы и остались. Очевидно, что здесь есть своя правда, но правда не вся. В-третьих, сами славянские просторы, наша географическая беспредельность формировали коллективный способ освоения мира и такой же тип мышления”.

Якімі толькі эпітэтамі не ўзнагароджваліся беларусы ў афіцыйным друку. І забітымі былі, і непісьменнымі былі. Зараз вось варварамі сталі на славянскіх прасторах. Цікава, ці ведае аўтар, што гэтыя прасторы былі на працягу стагодзьдзяў не нашмат большыя за сёньняшнія межы РБ? Што ж тычыцца індывідуалізму, дык варта разгарнуць любую старонку Статута ВКЛ, каб пераканацца, што гэтая каштоўнасьць была ўласьцівая продкам сёньняшніх беларусаў спрадвеку. Пакуль іх не далучылі да “славянскіх прастораў” Каўказа і Сібіры.

Радасную навіну паведаміла днямі газэта “Рэспубліка” ў рубрыцы “Новость на первую” – “Еще одна “Линия Сталина”!

“Недалеко от деревни Гомель под Полоцком сейчас активно идут работы по восстановлению части Полоцкого укрепрайона, входящего накануне войны в состав так называемой Линии Сталина. Первую очередь нового историко-культурного комплекса планируется ввести в строй 15 сентября этого года”.

Уявіце сабе даўжыню той старой польска-савецкай мяжы. І памножце гэту даўжыню на энтузіязм правінцыйнага чынавенства. І паспрабуйце вылічыць, праз колькі гадоў у “гісторыка-культурную” каштоўнасьць з абавязковымі помнікамі правадыру ператворыцца ўся краіна. І якія каштоўнасьці зь дзяржаўнай кішэні яшчэ перакачуюць у кішэні круцялёў ад ідэалёгіі. А ўрэшце – колькі спатрэбіцца пасьля сродкаў, каб узнавіць праўду гісторыі, у якой месца для “лініяў Сталіна” папросту няма. Бо нават школьнік ведае, што немцы ў 1941-м прайшлі ўсю Беларусь за чатыры дні – без адзінага бою. Толькі напачатку – у Берасьці – ім аказаў супраціў тамтэйшы гарнізон.

А “на салодкае” прывяду цытату зь “Літаратуры і мастацтва”. Дзе дырэктар інфармацыйна-турыстычнага цэнтру “Менск” Менгарвыканкаму Віталь Машэчкоў распавядае, як зрабіць беларускую сталіцу турыстычнай Мэкай. Вось, што чакае Лошыцкі ансамбль:

“Лошыцкі парк будзе існаваць як “гістарычная” турыстычная зона, сядзібна-паркавы комплекс. Там будзе пабудавана гасцініца. Гістарычныя будынкі на тэрыторыі парку, у якіх яшчэ жывуць людзі, — млын, стары спіртзавод – будуць ліквідаваныя, а людзі адселеныя”.

І расстраляныя — хочацца дадаць да гэтых словаў. Бо Лошыца, як вядома, за сталінскім часам была адным зь месцаў масавых расстрэлаў. Можа, яна стане лягічным працягам турыстычнай “Лініі Сталіна”?

Цікава, што гэта за загадкавыя людзі жывуць у тым паўразбураным млыне? Я разумею, што мова менскіх чыноўнікаў слаба паддаецца перакладу. Напэўна, чыноўнік хацеў сказаць, што будуць ліквідаваныя якіясь недахопы ў рэстаўрацыі? Бо ў іншым выпадку нам засталося нядоўга цешыцца рамантычнымі руінамі, і трэба як мага хутчэй весьці ў Лошыцу замежных турыстаў. Каб яны на свае вочы ўбачылі гэтую дзею. Такога дзікунскага аракцыёну яны ня знойдуць нідзе. Нават у Афрыцы.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.